п’янчу́жка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам; Р мн. ‑жак; м.; ДМ ‑жцы, Т ‑ай (‑аю); Р мн. ‑жак; ж.
Разм. Памянш.-зніж. да п’янчуга.
п’я́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; нецвярозы. Быў [Падбярэцкі] сёння з самай раніцы вясёлы і рухавы — недзе ўжо справіўся выпіць, не дома: з дому ён ніколі п’яны не прыходзіў. Пташнікаў. З боку Камароўкі, віхляючыся і матляючы рукамі, плёўся п’яны немец. Новікаў. / у знач. наз. п’я́ны, ‑ага, м.; п’я́ная, ‑ай, ж. На доўгіх лавах у хаце і ў сенцах на зямлі сядзяць п’яныя. Бядуля.
2. Уласцівы захмялелым, нецвярозым людзям. — Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў .. [Манг] ля сябе п’яны голас. Маўр. З-за ельнічку даносілася чужая п’яная песня з выкрыкамі. Мележ.
3. Які прыводзіць да стану ап’янення; п’янкі. Намяшаў.. [цар] тры кубкі віна салодкага з п’яным. Якімовіч. // Які прыводзіць да стану, падобнага ап’яненню. Бэзу кусты сіняву разлілі каля хаты. Водарам п’яным мае патрывожылі сны. Тарас.
•••
З п’яных вачэй гл. вока.
Пад п’яную руку гл. рука.
п’яню́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑нюзе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. пагард. Тое, што і п’яніца. Прыцягнуўся нарэшце і Паўлюк Гвардыян, старэйшы брат Цімафея Міронавіча Гвардыяна, але — не ў пару яму — зусім нікчэмны, шалапутны мужык — вялікі гультай і п’янюга. Зарэцкі.
п’яню́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад п’яніць.
2. у знач. прым. Які прыводзіць да стану ап’янення; хмельны. Пачалі чарнець спачатку яры, яміны, лагчыны, а потым пачарнеў і ўвесь стэп, дыхнуў вільгаццю, запахла сырой травой і знік п’янючы мядовы водар. Хомчанка.
п’я́ўка, ‑і, ДМ п’яўцы; Р мн. п’явак; ж.
1. Прэснаводны чарвяк, які корміцца кроўю жывёл, прысмоктваючыся да іх цела. Конская п’яўка. Медыцынскія п’яўкі. □ У балоце кішма кішаць п’яўкі, гадзюкі... Грамовіч.
2. перан. Крывапівец, паразіт, прыгнятальнік. І як ні кляў ён [Антось] гэту п’яўку, Ды мусіў даць рубля за спраўку. Колас. [Следчы:] — І не сорам вам быць п’яўкай, жыць за чужы кошт? «Звязда».