нізашто́, прысл.
1. Ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах. [У хаце] было свежа і чыста, як у лесе пасля дажджу. «Цяпер хоць сам не заходзь, каб не набрудзіць, — падумаў Шурка. — Паслязаўтра мама вернецца з бальніцы, а тут поўны парадак.. Хаця, праўда, адзін я нізашто не ўправіўся б». Шыловіч.
2. Дарма, без прычыны. Стары кальнуў .. [Ганну] злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла. Мележ.
нізва́ння, прысл.
Разм. Ніколькі. Спаць не хацелася нізвання. Гартны. Віны за мной няма нізвання. Ліхадзіеўскі.
ні́зенькі, ‑ая, ‑ае.
Памянш.-ласк. да нізкі (у 1 знач.). Нізенькі яловец Чэзне, бы ў няволі. Колас.
нізі́на, ‑ы, ж.
1. Нізкае месца. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Маўр. Я бачу, як адным сваім краем сяло ўдаецца ў жыты. Другі канец яго ападае ў нізіну. Скрыган.
2. Раўніна, якая знаходзіцца не вышэй 200 м над узроўнем мора. Дождж грымеў над неабсяжнымі прасторамі дрыгвяной калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Палеская нізіна — рэзервуар вільгаці для ўсёй Беларусі. В. Вольскі.
нізі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да нізіна.
нізі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нізіны; які знаходзіцца, расце ў нізіне. Нізінныя рэкі. Нізінныя травы.
ні́зка 1, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Нанізаныя на нітку, дрот і пад. якія‑н. аднародныя прадметы (грыбы, пацеркі і пад.). Нізка жэмчугу. □ Падымаецца ў паветра з раённага аэрадрома вясковы народ. Жанчыны вязуць звязаных курэй, кошыкі яек, нізкі грыбоў. Ракітны.
2. Цыкл мастацкіх твораў аднаго жанра. Нізка вершаў. □ Нізка Ул. Дубоўкі «Крыху восені і жменька кляновых лістоў» друкавалася ва «Узвышшы». Лойка.
ні́зка 2,
1. Прысл. да нізкі (у 1, 2, 4 і 7 знач.). // Блізка да каранёў чаго‑н. (стрыгчы, жаць, зразаць). Гэта быў ужо чалавек з сівымі, нізка, пад машынку стрыжанымі валасамі. Чорны.
2. у знач. вык. На невялікай адлегласці ўверх ад зямлі, якога‑н. узроўню. Дупло зусім нізка і ў ім поўна мёду. Якімовіч.
3. у знач. вык. Подла, ганебна.
нізка...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: а) нізкі, напрыклад: нізкагатунковы, нізкалобы; б) нізка, напрыклад: нізкапаклонства, нізканавіслы.
нізкаапла́тны, ‑ая, ‑ае.
Які аплачваецца па нізкаму тарыфу. Нізкааплатная пасада. // Такі, за які мала плацяць. Нізкааплатная работа.