мутне́ць, ‑ее; незак.
1. Рабіцца мутным. Вада мутнее. □ Пацямнела. Значна пасінеў абшар. Далі пачалі мутнець і злівацца з сінню. Бядуля. Ноч паступова згушчалася, мутнела, на кукурузныя лісты клалася халаднаватая раса. Кулакоўскі.
2. перан. Станавіцца няясным, невыразным; зацямняцца (аб розуме, памяці). Урэшце пачала мутнець памяць. Дні блыталіся з начамі. Лупсякоў. Цікавасць перамешвалася ў мяне са страхам, ад якога мутнела ў галаве. Карпюк.
му́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Непразрысты, нячысты, змешаны з дробнымі часцінкамі чаго‑н.; каламутны (пра вадкасці). Паплыло ў кабінет волкае паветра дажджлівага лістападаўскага дня.. Па шыбах паўзлі мутныя кроплі. М. Ткачоў. Па вуліцы шалёна несліся патокі мутнай вады, змываючы ўсё, што ні пападалася на іх шляху. Васілевіч.
2. Пацямнелы, затуманены (аб бліскучых ці празрыстых прадметах). На покуце, перад вялікімі абразамі гарэла лампадка. Яе агеньчык адбіваўся ў мутных сярэбраных аправах. Хомчанка. Сляпыя вокны анямела Глядзяць на двор, на курганок, Ужо другі дзень вечарамі У іх не свеціцца лучнік, І толькі ў мутным шкле часамі Ад[а]б’ецца месяц-чараўнік. Колас. / Пра вочы, позірк. Дзед Купрыян прысеў на палатках і падняў на Васіля свае мутныя старэчыя вочы. Колас.
3. Зямліста-шэры, ахутаны імглою, туманам; туманны. [Неба] было нізкае, па-асенняму мутнае, халоднае і нічога, акрамя дажджу, не абяцала. Сачанка. Воз пакідаў за сабой лёгкі белаваты пыл, які хутка разыходзіўся па баках мутным туманам. Бядуля. // Няясны (пра святло). [Разведчыкі] спыніліся ў мутным святле з вялікага акна. Брыль.
4. перан. Разм. Недастаткова выразны, зразумелы, абгрунтаваны. Трэба заўважыць, што кожнае выступленне Фабрэгата працягвалася гадзінамі, і ў мутнай плыні слоў няцяжка было прыкмеціць загадзя абдуманае спаўзанне «радыкальнага» прафесара-дыпламата з адной пазіцыі на другую. Новікаў.