Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мудраге́льства, ‑а, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мудрагеліць. // Што‑н. мудрагельнае, вельмі замыславатае. Навошта ўскладняць фразы, падаючы ім канцылярскае і бюракратычнае мудрагельства? Скрыган.

мудра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Ядавітая травяністая расліна сямейства лілейных з паўзучым карэнішчам і жаўтавата-зялёнымі кветкамі.

му́драсць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць мудрага (у 1, 2 знач.). Народная мудрасць. Жыццёвая мудрасць. □ Кніга — казачны скарб чалавечай мудрасці. «Звязда». [Бобрык:] — За касільна трымацца мудрасці вялікай не трэба. Дуброўскі.

2. Мудрыя думкі, выказванні, жыццёвы вопыт. Кажуць людзі: «Гады — не пуды». Гэтай мудрасці я не пярэчу. Прануза.

3. Разм. Што‑н. складанае, цяжкае для разумення. [Якаў] прыглядаўся да [дарожных] знакаў, стараўся ўспомніць усю гэту мудрасць — некалі ж вучыў. Кулакоўскі.

•••

Зуб мудрасці гл. зуб.

мудро́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і мудрагелісты. — Ну што, не вельмі мудроная гэтая самая квадратна-гнездавая пасадка? — спытала дзяўчына. Стаховіч. Мне давялося быць сведкам .. даволі мудроных камбінацыя, народжаных практычнай думкай маёра. Брыль.

му́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены вялікім розумам; вельмі разумны, празорлівы, з добрым веданнем жыцця. Мудры правадыр. □ І школе роднай пакланюся я За ўсё, чым для мяне яна была, За ўсё, што на жыццё з сабой дала, За ўсё, што, праслаўляючы свой век, Мне даў настаўнік — мудры чалавек. Кірэенка. // У якім выражаецца мудрасць; разумны. Мудрыя запавет. Мудрае правіла. Мудрая парада. □ Бясконцыя балоты вучылі .. [палешукоў-сялян] мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу. Колас.

2. Заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні чаго‑н. Спрактыкаваны слых гаспадыні, яе нейкае мудрае старэчае чуццё ўжо штосьці ўлавілі. Ракітны.

3. Разм. Складаны; мудрагелісты (у 1 знач.). Гарасім зноў расказвае пра тое, як цяжка зразумець жыццё. Мудрае яно стала. Скрыган. [Хведар] вучыў студэнтаў нейкай мудрай навуцы, назву якой бацьку ніяк не ўдавалася запомніць. Палтаран.

му́дрыкі, ‑аў; адз. няма.

Хітрыкі.

мудры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Тое, што і мудраваць (у 2 знач.). І мудрыць [над юшкай] доўга не трэба: перамыў .. [рыбу] ды ў чыгун, чым больш, тым будзе тлусцей ды смачней. Брыль. [Мужчына:] — А хто .. ў санках у цябе па двары катаўся? Ты мне, матка, не мудры. — Адчапіся. Ніхто не катаўся. Пташнікаў.

мудрэ́ц, ‑раца, м.

1. Мудры, разумны чалавек. Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [Паўлавай] памяці, а цяпер ён стаіць як бы збоку ад усяго і са спакоем мудраца аглядае жыццё. Колас.

2. Іран. Пра таго, хто хітруе. Дырэктар, слухаючы Косцю, усё больш ды больш хмурыўся і дыміў. Потым з ноткай расчаравання ў голасе прамовіў: — Так вы ўсё і вырашылі? Мудрацы-ы! Карпюк.

мудрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Рабіцца больш мудрым, мудрэйшым.

муж, ‑а; мн. мужы, ‑оў; м.

1. Жанаты мужчына ў адносінах да сваёй жонкі. Харошы быў гарманіст Ігнась — муж Ірынкі, майстар на працу і на весялосць. Лынькоў.

2. Кніжн. Дзеяч у якой‑н. галіне. Муж навукі. Дзяржаўны муж.