Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ля́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу і інш. Бурлацкая лямка. □ Ісці было цяжка. Лямкі рэзалі плечы, а рэчавы мяшок спаўзаў на левы бок. Асіпенка. Мікола памог адвязаць лямкі, сабраць коўзкі і халодны шоўк парашута. Новікаў.

•••

Цягнуць лямку гл. цягнуць.

ля́мпа, ‑ы, ж.

1. Прыбор для штучнага асвятлення з дапамогай электрычнага току, спальвання газы, нафты і пад. Настольная лямпа. □ На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік. Колас. Дзве вісячыя лямпы задыхаліся ўгары ад сціснутага паветра, міргалі. Васілевіч.

2. Прылада для асвятлення або награвання спецыяльнага прызначэння на розных вытворчасцях. Паяльная лямпа. Шахцёрская лямпа.

•••

Катодная лямпа — устарэлая назва электроннай лямпы.

Кварцавая лямпа — электрычная лямпа ў выглядзе невялікага балона з кварцавага шкла для атрымання ультрафіялетавых прамянёў, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне, сельскай гаспадарцы і інш.

Лямпа дзённага святла — разнавіднасць люмінесцэнтнай лямпы, якая выпраменьвае святло, падобнае на дзённае.

Лямпа напальвання — электрычная лямпа, крыніцай святла якой з’яўляецца свячэнне напаленай токам тугаплаўкай, звычайна вальфрамавай ніці.

Неонавая лямпа — крыніца аранжава-чырвонага святла, якое выпраменьваецца ў выніку электрычнага разраду паміж электродамі ў неоне, якім запоўнена лямпа.

Электронная лямпа — вакуумная прылада для атрымання або ўзмацнення электрамагнітных ваганняў, якая прымяняецца ў радыётэхніцы, тэлемеханіцы і пад.

Электрычная лямпа — тое, што і лямпа напальвання.

[Фр. lampe.]

ля́мпавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лямпы, звязаны з вырабам лямп. Лямпавае шкло. Лямпавы завод. // Які дзейнічае з дапамогаю электронных лямп. Лямпавы прыёмнік. Лямпавы ўзмацняльнік.

2. у знач. наз. ля́мпавая, ‑ай, ж. Спецыяльнае памяшканне, дзе захоўваюцца лямпы (у шахтах, на чыгуначных станцыях і пад.).

ля́мпаўшчык, ‑а, м.

1. Рабочы, які вырабляе лямпы.

2. Рабочы, які наглядае за спраўнасцю асвятляльных лямп, запальвае іх.

ля́мпаўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да лямпаўшчык.

ля́мпачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да лямпа (у 1 знач.).

2. Тое, што і электрычная лямпа (гл. лямпа). У падвале гарэла адна вялікая і некалькі малых электрычных лямпачак. Карпаў.

•••

Лямпачка Ільіча — вобразная назва электрычнай лямпы як ушанаванне памяці У.І. Леніна, які дбаў пра электрыфікацыю краіны.

лямцава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які збіўся ў лямец, нагадвае лямец. Лямцаватая тканіна.

ля́мцавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лямцу, звязаны з яго вытворчасцю. Лямцавы цэх. // Зроблены з лямцу. Лямцавы капялюш. Лямцавая падэшва. □ На.. [Рыме] была зялёная вязаная кофта, чорная караткаватая спадніца, а на нагах лямцавыя тапачкі. Лупсякоў.

лямцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

Разм. Капялюш, зроблены з лямцу.

ля́мчыцца, ‑чыцца; незак.

1. Збівацца ў лямец, рабіцца лямцам. Воўча лямчыцца.

2. Зал. да лямчыць.