Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зубарэ́з, ‑а, м.

Рабочы на зубарэзным станку. У экскаватарным цэху Уралмашзавода, дзе працуе знатны зубарэз Канстанцін Якаўлевіч Маслій, усё велізарнае: пралёты нагадваюць вуліцы, а станкі — дамы. «Звязда».

зубарэ́зны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для апрацоўкі зубоў (у 2 знач.). Зубарэзны станок.

зубаска́л, ‑а, м.

Разм. неадабр. Пра таго, хто любіць пасмяяцца, пажартаваць або панасміхацца з каго‑, чаго‑н.; перасмешнік. Жартаўнікам і зубаскалам выпала магчымасць паказаць свой талент. Шамякін. [Сцяпан] не які-небудзь зубаскал Дрыба, і гэта Мая павінна зразумець. Дуброўскі.

зубаска́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Разм. неадабр. Смяяцца, жартаваць або насміхацца з каго‑, чаго‑н. — Ты да нас, а мы — да вас! Магамет да гары, а гара — к Магамету, — зубаскаліў Казік. Машара.

зубаска́льства, ‑а, н.

Смех, жарты або насміханне з каго‑, чаго‑н. Сцёпка прачытаў.. [ліст] борздзенька — проста не хацеў пры таварышам сядзець над ім доўга, каб не выклікаць гэтым іх зубаскальства. Колас.

зуба́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікімі, вострымі зубамі; з вялікай колькасцю зубоў. Вялікі зубасты шчупак стаяў у вадзе нерухома, як затопленае палена, падпільноўваючы на мелкім месцы верхаводак і сяляў. В. Вольскі.

2. перан. Дзёрзкі, востры на язык. — Славік у мяне зубасты хлапчук, стойкі ў сваіх намерах. Кулакоўскі.

зуба́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Марская прамысловая рыба з доўгімі пярэднімі зубамі.

зуба́ты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі зубамі. — Юрка-а-а! — Акцызнік крычыць і крэкча, падымаючыся з-пад плота, усміхаецца нечага на ўвесь зубаты рот. Пташнікаў. // Які мае зубы. Зубаты кіт.

зубаты́чына, ‑ы, ж.

Разм. Удар кулаком па зубах. «Муштра і зубатычына — вось што запамятаў на ўсё жыццё», — піша ў сваіх успамінах Бядуля аб гэтай службе. Хведаровіч.

зубаўрачэ́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лячэння зубоў. Зубаўрачэбны кабінет.