аха́йны, ‑ая, ‑ае.
Старанна прыбраны; чысты, акуратны. Алесь і Зіна — самі сіроты — кожны па-свойму адчулі ў гэтым ахайным прыемным чалавеку [Нікіфаровічу] нешта бацькоўскае. Броўка. За.. [Міколам Лазнюком] крочыў майстар Красовіч — пажылы каржакаваты мужчына ў ахайным форменным гарнітуры. Васілёнак.
ахаладжа́льнік, ‑а, м.
1. Апарат, які служыць для ахаладжэння чаго‑н.
2. Рэчыва, з дапамогаю якога ахалоджваюць што‑н.
ахаладжа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для ахаладжэння чаго‑н. Ахаладжальная сумесь. Ахаладжальная камера.
2. Які ахалоджвае, асвяжае (пераважна пра напіткі). Ахаладжальныя напіткі.
ахаладжэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. ахаладзіць (у 1 знач.) і стан паводле знач. дзеясл. ахаладзіцца.
ахаладзе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ахаладзеў, астыў. Сонца ласкава грэла яе [Гэльчына] маладое ахаладзелае цела. Чарот.
2. перан. Які стаў да ўсяго абыякавы, страціў сілу пачуцця, свежасць ўспрымання.
ахаладзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць халодным, астыць, ахалодаць. Халімон не звяртаў увагі на Патапчыка, а пакручваў прэнт датуль, пакуль ён не ахаладзеў, а тады зноў усунуў у горан. Чарнышэвіч.
2. перан. Страціць сілу пачуцця, свежасць ўспрымання; стаць абыякавым; астыць, ахалодаць. Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі.
ахаладзі́цца, ахаладжуся, ахалодзішся, ахалодзіцца; зак.
1. Стаць халодным ці больш халодным; астыць, ахалодаць. Здавалася, што.. [сын] лёг у цяньку на росную яшчэ мураву, каб ахаладзіцца ад веснавой гарачыні, каб адпачыць. Галавач. // Асвяжыцца на паветры; праветрыцца; ахалодаць.
2. перан. Перастаць гарачыцца; астыць. Супакоіўся я крыху, ахаладзіўся. Краўчанка.
ахаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць халодным ці больш халодным; астудзіць. Не хапала толькі сіверу, каб дарэшты ахаладзіць вытаптаную траву. Чорны.
2. перан. Збавіць, зменшыць сілу, запал якога‑н. пачуцця, жадання і пад. Размова з Паўлікам трохі ахаладзіла Андрушку. Лобан.
ахало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Тое, што і ахаладзець. На дварэ ён [Сымон] трохі ахалодаў, выцер з ілба пот і замкнуў адрыну. Чарнышэвіч. Ахалодаў ён [Зазыба] ужо ў Верамейках — крыўда прайшла. Чыгрынаў.
ахало́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ахаладзіць.