агіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Тое, што і абгінаць.
агіт...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае слову «агітацыйны», напрыклад: агітбрыгада, агітпункт.
агітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. Займацца агітацыяй (у 1 знач.). Трэба мець на ўвазе, што ў гэтай выбарчай кампаніі кожнаму агітатару прыйдзецца агітаваць адначасова за некалькіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. «Звязда». Самае большае, што маглі зрабіць камсамольцы, гэта агітаваць за таварыства. Крапіва.
2. каго. Разм. Пераконваць у чым‑н., схіляць да чаго‑н.; угаворваць. Астатнія [вучні] аднесліся да гуртка з іроніяй, кпілі, бяскрыўдна жартавалі: кожны агітаваў суседа, а сам не запісваўся. Шамякін.
агіта́тар, ‑а, м.
1. Той, хто вядзе агітацыю (у 1 знач.). Палітычны, камсамольскі, прафесійны агітатар.
2. Тое, пры дапамозе чаго вядзецца агітацыя. Газета — не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар. Ленін.
агіта́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да агітатара.
агітацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да агітацыі (у 1 знач.). Агітацыйны калектыў. Агітацыйны плакат. Агітацыйная работа. Агітацыйная літаратура.
агіта́цыя, ‑і, ж.
1. Вусная або праз друк дзейнасць, якая мае сваёй мэтай палітычнае ўздзеянне на свядомасць і настрой мас, распаўсюджванне сярод іх пэўных ідэй і лозунгаў. Камуністычная агітацыя. Масавая палітычная агітацыя. Наглядная агітацыя. Перадвыбарчая агітацыя. Сродкі агітацыі.
2. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. агітаваць (у 2 знач.).
[Ад лац. agitatio — прывядзенне ў рух.]
агітбрыга́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Агітацыйная брыгада, якая вядзе агітацыйна-масавую прапаганду. Часта перад механізатарамі выступае агітбрыгада раённага дома культуры. «Звязда».
агі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. Твор літаратуры, жывапісу і пад., які ставіць толькі агітацыйныя мэты і не ўлічвае мастацкага боку. Палітычная агітка. □ Няўжо такі выдатны верш? Прачытаў. Нічога асаблівага. Так сабе агітка. Сабаленка.
агіткалекты́ў, ‑тыву, м.
Калектыў агітатараў, які ствараецца пры пярвічных арганізацыях КПСС для вядзення агітацыйнай работы сярод насельніцтва.