заляца́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.; да каго.
Аказваць увагу, дагаджаць жанчыне, імкнучыся выклікаць прыхільнасць. Усе ў брыгадзе ведалі, што Віталь заляцаецца да Тамары, але ці карыстаецца ён поспехам у яе, пра гэта нічога пэўнага вядома не было. Васілёнак.
заляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.
1. Летучы, апынуцца далёка або высока. Заляцець на Месяц. // Летучы, апынуцца за чым‑н., за якім‑н. прадметам. Мяч заляцеў за плот. Самалёт заляцеў за хмару.
2. Уляцець, папасці куды‑н. Заляцела ў Васеў двор старая варона. Курто. Толькі суседзі яшчэ пільнавалі свае хаты, каб якая-небудзь выпадковая іскра не заляцела на іх стрэхі. Шамякін.
3. У час палёту наведаць якое‑н. месца, спыніцца ненадоўга. Самалёт заляцеў, каб забраць пошту. // перан. Разм. Спяшаючыся, забегчы мімаходам да каго‑н. У спешцы Гуз пераблытаў і, замест таго, каб трапіць на кармакухню, заляцеў у радзілку. Шахавец.
залячы́цца, ‑лечыцца; зак.
Разм. Зажыць, загаіцца ў выніку лячэння. Рана хутка залячылася.
залячы́ць, ‑лячу, ‑лечыш, ‑лечыць; зак., каго-што.
1. Загаіць шляхам лячэння. Залячыць рану. // Разм. Вылечыць не поўнасцю; ліквідаваць толькі знешнія адзнакі хваробы; падлячыць. Залячыць хваробу.
2. Разм. Змучыць лячэннем. Залячылі да смерці.
замагі́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Па рэлігійных уяўленнях — які чакае чалавека пасля смерці. Замагільнае жыццё. Замагільны свет.
2. Нізкі, глухі, як з магілы (пра голас). Слухай, — замагільным голасам прагаварыў .. [Сафрон] да жонкі. — Гэта Волька, што прыехала, — доктар. Чорны.
зама́зацца, ‑мажуся, ‑мажашся, ‑мажацца; зак.
1. Заляпіцца чым‑н. вязкім, ліпкім. Шчыліна добра замазалася.
2. Разм. Забрудзіцца, запэцкацца. Плацце замазалася.
зама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., што.
1. Пакрыць слоем фарбы, мазі. Замазаць надпіс чарнілам. □ — Хоць бы замазаў чым-небудзь, а то зусім яшчэ свежая метка. Брыль.
2. Заляпіць чым‑н. вязкім, ліпкім. Дзіркі ў сценах жанчыны замазалі глінай і вапнай. Маўр. Лапко паправіў печ, акуратна замазаў яе зверху. Колас.
3. перан. Разм. Знарок прыкрыць, схаваць, затушаваць. Замазаць недахопы. □ — [Валодзя] заяву на мяне падаў, думае гэтым свае грахі замазаць, — сказаў каваль. Чорны.
4. Забрудзіць, запэцкаць. Замазаць рукі ў фарбу.
•••
Замазаць рот каму — прымусіць маўчаць.
зама́зачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да замазкі (у 2 знач.).
зама́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. замазваць — замазаць (у 1–3 знач.).
зама́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да замазацца.
2. Зал. да замазваць.