зама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., што.

1. Пакрыць слоем фарбы, мазі. Замазаць надпіс чарнілам. □ — Хоць бы замазаў чым-небудзь, а то зусім яшчэ свежая метка. Брыль.

2. Заляпіць чым‑н. вязкім, ліпкім. Дзіркі ў сценах жанчыны замазалі глінай і вапнай. Маўр. Лапко паправіў печ, акуратна замазаў яе зверху. Колас.

3. перан. Разм. Знарок прыкрыць, схаваць, затушаваць. Замазаць недахопы. □ — [Валодзя] заяву на мяне падаў, думае гэтым свае грахі замазаць, — сказаў каваль. Чорны.

4. Забрудзіць, запэцкаць. Замазаць рукі ў фарбу.

•••

Замазаць рот каму — прымусіць маўчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)