Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыцьме́лы, ‑ая, ‑ае.

Які прыцьмеў, страціў сваю яркасць, бляск. Партрэт, схаваны ў вайну ў склепе, трохі быў пашкоджаны. Летась, будучы тут, мастак паднавіў яго, асвяжыў прыцьмелыя фарбы. Ліс. // Які адышоў на задні план, прызабыўся. Прыцьмелая ў дрымоце трывога раптоўным штуршком нібы ўдарыла.. [Івана] у самае сэрца. Быкаў.

прыцьме́ць, ‑ее; зак.

Страціць сваю яркасць, бляск. Святло дрыготка пасунулася па небасхіле, прыцьмела і неяк раптоўна згасла. Быкаў. // перан. Адысці на задні план, прызабыцца. Доўгія гады вайны непрыкметна абступілі, прыцьмелі, быццам успамін. Мележ.

прыцьмі́ць, ‑цьмлю, ‑цьміш, ‑цьміць; зак., каго-што.

Засланіўшы сабой, зрабіць менш прыкметным, менш бачным. Воблакі прыцьмілі сонца. // перан. Засланіць, адсунуць на задні план. — Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць. Купала.

прыцэ́л, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцэльваць — прыцэліць і прыцэльвацца — прыцэліцца.

2. ‑а. Прыстасаванне на агнястрэльнай зброі для прыцэльвання. Пад рукой ляжала новенькая снайперская вінтоўка з аптычным прыцэлам. Шамякін.

3. ‑у; перан. Разм. Тое, да чаго хто‑н. імкнецца; мэта. Не ведаю, які быў .. план [бацькі з сынам], але, мусіць, такога прыцэлу трымаліся: баржа баржай, а яно нядрэнна будзе хутарок свой мець. Ракітны. Іншы раз яму здаецца, што ў хлопцаў пэўны прыцэл, разлік, а разліку Веньямін не любіць. Навуменка.

•••

Браць (узяць) на прыцэл гл. браць.

прыцэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

1. Падрыхтавацца да стральбы, навёўшы зброю на цэль. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. Рагозін ускочыў у акоп, схапіў вінтоўку, прыцэліўся і стрэліў. Гурскі. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Аніся ўжо выліла ўсю ваду з лейкі, а Шаевіч ніяк не мог прыцэліцца і сфатаграфаваць яе. Сабаленка.

2. перан. Разм. Намерыцца зрабіць што‑н.; абраць аб’ект дзеяння, уздзеяння. [Цярэшка:] — Скажам, табе захочацца ўхапіць лепшую валоку панскай зямлі, і я на яе прыцэліўся, от і счэпімся загрудкі — каламі не разбароніш. Грахоўскі.

прыцэ́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцэльваць — прыцэліць і прыцэльвацца — прыцэліцца.

прыцэ́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прыцэліцца.

прыцэ́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыцэльнага (у 2 знач.). Прыцэльнасць агню.

прыцэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прыцэла (у 2 знач.), прызначаецца для прыцэльвання. Прыцэльная рамка. Прыцэльнае прыстасаванне.

2. Які робіцца, вядзецца з прыцэльваннем. Прыцэльная стральба. □ Па ўспышках варожых стрэлаў Людвік вызначыў месца кулямётнага гнязда і адкрыў прыцэльны агонь. Кулакоўскі.

прыцэ́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прыцаніцца.