Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прасунуць.

прасо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прасаваць ​2.

прасо́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які прасох. Нават лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі.

прасо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Стаць сухім, прасушыцца, высахнуць. Ўжо прасохла ралля, Ўжо рунее трава, К сабе кліча зямля. Купала. У дарогу прыйшлося рушыць раней, чым прасохла зямля. Колас. У той бок, пад Эйсманты, дзе пачынаўся канал, торф паспеў прасохнуць і парудзеў, а ля экскаватара ён быў глянцавіта-чорны. Дуброўскі.

прасо́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прасачыць.

прасо́чванне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прасочвацца ​1 — прасачыцца.

прасо́чванне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прасочваць — прасачыць.

прасо́чвацца 1, ‑аецца.

Незак. да прасачыцца.

прасо́чвацца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да прасочваць.

прасо́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прасачыць.

праспа́цца, ‑сплюся, ‑спішся, ‑спіцца; зак.

1. Выспацца. Праспаўся хлопчык, есці хоча, З калыскі вылезці гатоў. Колас.

2. Працверазіцца пасля сну (пра п’янага). Калі ж нахабнік заваліўся спаць, Дык Ліс каля бярлогі сеў чакаць, Пакуль Мядзведзь праспіцца, Каб запрасіць назаўтра пахмяліцца. Корбан. — Ідзі, брат, праспіся. Ад цябе нясе яшчэ перагарам. Прокша.

праспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. Спаць некаторы час. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла .. [хлопцаў], то яны праспалі аж да паўдня. Маўр.

2. Прачнуцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся на першую лекцыю. Карпаў. Назаўтра Толя праспаў і ледзь паспеў разам са званком ускочыць у клас. Якімовіч.

3. што. Сплючы, не ўбачыць ці не пачуць, прапусціць, празяваць што‑н. Хлопцы не ведалі, чаму Курту іменна хацелася не праспаць Варшавы. Сабаленка.