прыфугава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што.
Спец. Падагнаць драўляныя паверхні фуганкам або на фугавальным станку. Прыфугаваць канты дошак.
прыфуго́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прыфугоўваць.
прыфуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да лрыфугаваць.
прыхава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыхаваць.
2. у знач. прым. Які трымаецца, захоўваецца ў тайне; затоены. На строгіх вуснах быў цень нейкай унутранай, прыхаванай усмешкі. Караткевіч. Лоўгач адчуваў, што ў Нэліных жартах ёсць нейкі іншы, прыхаваны сэнс, спрабаваў яго знайсці, а ён увесь час выслізгваў і хаваўся. Савіцкі.
прыхава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Часова або трохі, няпоўнасцю схавацца; стаіцца. — Ой, а тады якраз дождж паўдня ліў, дык я і падумала была, што можа гэта ты дзе ў дарозе ад дажджу прыхавалася. Чорны. Непадалёку была нівінка, відаць, жанчына мела намер прыхавацца там сама і ўратаваць каня ў выпадку налёту. Кулакоўскі.
прыхава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Зрабіць амаль нябачным; часова схаваць. Малады бярэзнік і альшэўнік атулілі буданы зялёным аксамітам, прыхавалі ад чалавечага вока. Шчарбатаў. Падчас бойкі ля універсітэта яшчэ мінулай восенню.. [Вольга] памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў у мяне з кішэні. Карпюк. — А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенне. Чорны. // Зберагчы для будучых часоў; пакінуць на запас. — Трэба нам быць гатовым на ўсё і хоць што-небудзь прыхаваць. Прыйдзецца ў лес бегчы, тады з лесу выходзіць, дык застанешся ў чым стаіш... Карпюк. — Не, брат Стары, тут і танней пражыць можна. Будзеш сабе сталавацца ў бацькі, можна і капейку прыхаваць. Колас.
2. перан. Схаваць, утаіць, скрыць што‑н. У Марыі кальнула ў сэрцы, але яна старалася прыхаваць гэта ад мацеры. Кулакоўскі. Каб прыхаваць сваю збянтэжанасць, я ўнурыўся ў школьны журнал, разглядаючы спісы вучняў мінулых гадоў. Якімовіч.
прыхаджа́нін, ‑а; мн. ‑джане, ‑джан; м.
Веруючы, які належыць да якога‑н. царкоўнага прыходу. [Ксёндз] гаварыў па-польску, устаўляючы і беларускія словы, мусіць, каб прыхаджане лепш зразумелі яго. Арабей.
прыхаджа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да прыхаджанін.
пры́хадзень, ‑дня, м.
Разм. Прышэлец, прыблуда. А калі ўжо я падышоў, відаць, пагрозліва блізка да .. гнязда [кнігаўкі], яна, мне здаецца, спалохалася і шпарчэй замахала крыллем, нібы спрабуючы адагнаць прыхадня. Сіпакоў. — Уся наша зямля ў курганах — там парахнеюць косці прыхадняў. Гурскі. Хворы прыхадзень прыўзняў ад падушкі галаву, насцярожыўся. Лупсякоў.
прыхадны́, ‑ая, ‑ое.
Такі, які прыходзіць куды‑н. для выканання сваіх абавязкаў, для лячэння і пад., але не знаходзіцца пастаянна на гэтым месцы. Прыхадная нянька. Прыхадныя хворыя.