Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасква́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. У выніку скварання прыйсці ў стан поўнай гатоўнасці. Сала праскварылася.

2. Скварыцца некаторы час.

прасква́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Скварачы, давесці да поўнай гатоўнасці. Праскварыць свініну.

2. Скварыць некаторы час.

праскланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. што. Змяніць (слова) па склонах.

2. перан.; каго. Разм. Пакрытыкаваць. Усіх .. [Віцевых] сяброў пахвалілі, выдатнікам паднеслі самыя лепшыя навагоднія падарункі, а Віцю наадварот: нават «праскланялі» ў ліку адстаючых... Якімовіч.

праско́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да праскочыць.

2. Незак. да праскакаць (у 1, 2 знач.).

праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.

2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.

3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.

праскраба́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да праскрэбціся.

2. Зал. да праскрабаць.

праскраба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праскрэбці.

праскрыгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; зак.

1. Утварыць скрыгатанне. Піла праскрыгатала.

2. Скрыгатаць некаторы час.

праскры́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Утварыць скрыгат.

2. Скрыгаць некаторы час.

праскрыгіта́ць, ‑гічу, ‑гічаш, ‑гіча; зак.

1. Утварыць скрыгітанне.

2. Скрыгітаць некаторы час.