Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасёлак, ‑лка, м.

Грунтавая дарога паміж невялікімі населенымі пунктамі. Улетку гэты прасёлак быў — хоць бокам каціся, і дваццаць пяць кіламетраў ад Сасновіч да райцэнтра Данік на тым жа матацыкле, бывала, праскокваў за якіх мінут сорак. Краўчанка. Для нас засталіся абдымкі вятроў На ўсіх бальшаках і прасёлках, І музыка ліўняў, і пошум дуброў, І свіст перапёлак на золку. Гілевіч.

прасёлачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прасёлка, з’яўляецца прасёлкам. Шашура выбраў на гэты раз ціхую, мала аб’езджаную прасёлачную дарогу. Мележ.

прасёлкавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прасёлачны. Частку лёгкага абозу заварочвалі назад, каб пусціць дзе-небудзь з шашы на прасёлкавыя дарогі. Лынькоў. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Навуменка.

прасігналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што і без дап.

1. Падаць сігнал, прасігналіць.

2. перан. Папярэдзіць, паведаміць аб чым‑н., што адбылося ці можа адбыцца. Недзе ў сэрцы нехта нябачны ўжо прасігналізаваў гэтую радасную вестку. Васілевіч.

прасігна́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што, з дадан. сказам і без дап.

Падаць сігнал, папярэдзіць аб чым‑н. сігналам. Недзе з завулка раптоўна выскачыла, віскнуўшы тармазамі, машына, зычна, ледзь не ў самае вуха, прасігналіла — «Пэ-эп!». Місько. У гэты час на плошчы за універмагам прасігналіў аўтобус. Ляўданскі.

прасіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

Вымавіць сіплым голасам. — Вывесці гэтую балаболку! — урэшце не сказаў, а прасіпеў.. [суддзя], узмакрэлы і знясілены ад такога нябачанага канфузу. Лынькоў.

прасі́цель, ‑я, м.

Той, хто звяртаецца з просьбай, з прашэннем да каго‑н. ці куды‑н. Такім чынам .. [Гукану] ўдавалася абмінуць большасць кватэрных прасіцеляў, якія падпільноўвалі штодня. Шамякін.

прасі́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Жан. да прасіцель.

прасі́цельскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прасіцеля, уласцівы яму. Прасіцельскі выраз твару.

прасі́цца, прашуся, просішся, просіцца; незак.

1. Прасіць аб дазволе зрабіць што‑н. (увайсці, адправіцца куды‑н. і пад.). У будку, да цяпла, прасіўся чалавек. Навуменка. Людзі пачалі прасіцца ісці на заданне, хоць назначаны адпачынак яшчэ не скончыўся. Шамякін. // Выказаць жаданне адправіць натуральную патрэбу (пра дзяцей, жывёл).

2. Прасіць, каб прынялі ці залічылі куды‑н. Прасіцца на фронт.

3. Разм. Прасіць прабачэння, спагады, дапамогі і пад. — Ратуй мяне, чалавеча! — просіцца ў.. [дзеда] паляўнічы. Якімовіч. — Ну што вам значыць, — прасілася Лёдзя, гулліва пабліскваючы вачыма і верачы ў поспех. Карпаў.

•••

Просіцца на язык — вельмі хочацца сказаць. Многа крыўдных, балючых для .. [Веры] слоў прасілася на язык, але .. [Мікалай] змоўчаў. Дамашэвіч.

У рукі просіцца — пра тое, што лёгка, без цяжкасцей дастаецца.