Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыту́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прытульнага. Тут толькі Ігнась заўважыў усю прытульнасць пакоя. Мурашка.

прыту́льны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца добрым прытулкам; утульны. Пасля ўчарашніх турбот іх «дом» здаваўся такім прытульным, родным, нібы яны тут і нарадзіліся. Маўр. Дарога пайшла з грывы ўніз, бліжэй да Дняпра, і тут вачам адкрылася прытульная і даволі вялікая лагчына. Караткевіч.

прытуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да прытуліцца.

прытуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прытуліць.

прытума́нены, ‑ая, ‑ае.

Злёгку зацягнуты смугой, туманам. Сіняя града з чорнай істужкай лесу ўздымалася за лагчынай у далёкай, прытуманенай смугою далечы. Мележ. // перан. Цьмяны, замарочаны, няясны ад чаго‑н. У вачах дзяўчыны свяціліся прытуманеныя трывогай іскаркі радасці. Кулакоўскі. [Сотнікаў] прытуманеным позіркам упёрся ў спіны пярэдніх, чакаючы, што неўзабаве зноў рушаць наперад. Быкаў.

прыту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Прыйсці пяшком, звычайна з цяжкасцю або марудна. [Песенька] мог прытупаць «незнарок» у барак ці ў дом на наваселле — там заўсёды і адказчык ён, і дарадчык лепшы, і закон. Русецкі. Стары Лявон прытупаў, выцер вочы, Нібыта лепш стараўся разглядзець, Сказаў няголасна: «Я знаў, сыночак, Што будзеш чалавекам — маладзец». Чэрня. Марознай лістападаўскай раніцай прытупаў Амелька ў родную вёску. Жычка.

прыту́пванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прытупваць (у 2 знач.).

прыту́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да прытупнуць.

2. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб падлогу, зямлю ў такт чаму‑н. Ілья прытупваў у такт, дырыжыраваў аркестрам і сам выцінаў на жалейцы. Дуброўскі. Спяваў Карусь і ў такт песні прытупваў нагой. С. Александровіч. // Суправаджаць якое‑н. дзеянне тупаннем; тупаць час ад часу. Хлопец.. пабег, знарок па-заечы падкідваючы нагамі і прытупваючы. Мележ. Коннікі прытупвалі на марозе. Лынькоў.

прытупе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прытупеў, крыху затупіўся. Прытупелая брытва.

2. перан. Які страціў адчувальнасць, стаў менш успрыімлівым. Каля самай капліцы да прытупелых ужо, але ўсё ж музыканцкіх вушэй Багдана даняслося быццам бы нейкае гудзенне. Кулакоўскі.

прытупе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і прытупіцца. Іду, мая мара, Паслушны табе — Я ў буднях жыцця сапраўды прытупеў. Чарнушэвіч. Яшчэ.. не прытупела дзявочае гора. Сачанка.