Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасе́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прасеяць.

прасе́ка, ‑і, ДМ ‑сецы, ж.

Ачышчаная ад дрэў паласа ў лесе, якая служыць граніцай участка, дарогай і пад. Я не магу адвесці вачэй ад лініі-прасекі. Прарэзаная праз лясныя нетры, яна зачаравала мяне сваім хараством. Пальчэўскі. Хутка .. [мужчыны] збочылі з шырокай дарогі на вузкую лясную прасеку і ехалі цяпер марудна. Сіўцоў.

прасе́кчы,

гл. прасячы.

прасе́кчыся,

гл. прасячыся.

прасеміна́рый, ‑я, м.

Уст. Практычныя заняткі ў вышэйшых навучальных установах, мэтай якіх з’яўляецца падрыхтоўка студэнтаў да работы на семінарах.

прасе́сці, ‑сядзе; пр. прасеў, ‑села; зак.

Прагнуўшыся, асесці, апусціцца. Столь прасела.

прасе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прасячы.

прасе́яны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прасеяць.

прасе́яцца, ‑сеецца; зак.

1. Ачысціцца ад прымесей, прайшоўшы праз сіта. рэшата і пад. / у перан. ужыв. Але нічога! З часам усё прасеецца і стане на сваё месца. Гаўрылкін.

2. Прасыпацца праз шчыліну, адтуліну (пра што‑н. сыпучае).

прасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.

1. Прапусціць праз сіта, рэшата і пад. для ачысткі ад пабочных прымесей. Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Нідзе, здаецца, няма столькі пяску, як на гэтай дарозе. Белы, чысты, сыпучы, як прысак. Яго нібы прасеялі праз сіта. Ракітны. / у перан. ужыв. Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. Мележ. Паэту не заўсёды ўдавалася так прасеяць моўны матэрыял, каб ачысціць яго ад слоў вузкаабласной лексікі, русізмаў, паланізмаў. Ярош.

2. і без дап. Сеяць некаторы час.