правака́тар, ‑а, м.
1. Тайны агент, які дзейнічае шляхам правакацыі (у 1, 2 знач.). Ганне Сяргееўне і раней у падполлі прыходзілася сустракацца з такімі выпадкамі, калі трэба было ліквідаваць правакатараў. Няхай.
2. Падбухторшчык, які дзейнічае са здрадніцкай мэтай. Правакатар вайны.
[Ад лац. provocator.]
правака́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да правакатара.
правакацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да правакацыі; які змяшчае ў сабе правакацыю. Правакацыйная агітацыя. Правакацыйныя лістоўкі.
правака́цыя, ‑і, ж.
1. Здрадніцкія дзеянні тайных агентаў паліцыі, што праніклі ў рэвалюцыйныя арганізацыі з мэтай шпіянажу і падбухторвання да выступленняў, якія павінны прывесці гэтыя арганізацыі да аслаблення і разгрому.
2. Наўмыснае падбухторванне каго‑н. да такіх дзеянняў і ўчынкаў, якія могуць прывесці да дрэнных вынікаў. Я зразумеў, што і мне, карэспандэнту савецкай газеты, будзе не лёгка, інакш кажучы, трэба быць гатовым да розных правакацый і нечаканасцей. Новікаў.
3. Спец. Штучнае выкліканне якіх‑н. з’яў хваробы.
4. Спец. Штучнае паскарэнне прарастання насення.
[Ад лац. provocatio.]
права́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. праваліцца (у 2 знач.).
2. Месца, якое правалілася. Вось ужо відаць шырокі чорны правал ля падножжа гары. Арабей. Нягледзячы на тое, што правал у лежаку пагражаў пажарам, санітар і вухам не вёў: ёсць гаспадар, пан Тарбецкі, — няхай ён і правіць. Колас.
3. Тое, што і праём. Дамы ашчэрваліся чорнымі праваламі вокан. Асіпенка. [Рыгорка] знікаў у правале расчыненых дзвярэй. Дуброўскі.
4. перан. Поўная няўдача ў якой‑н. справе. Шкода не толькі волі, жыцця, а шкода і правалу той работы, якую даручыла яму партыя. Колас. // Раскрыццё (падпольнай арганізацыі). Пасля правалу арганізацыі бацьку майму прыйшлося доўга хавацца. Гарэцкі. // Нездавальняючая адзнака на экзамене.
5. перан. Адсутнасць яснага ўспрымання ўсяго, што акружае (пры некаторых хваробах, моцным ап’яненні). Як фарсіравалі рэчку — помніць [Баталаў], як абганялі абоз на шашы — таксама. А далей — правал. Асіпенка.
правалаво́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм. Затраціць многа часу на што‑н. Паўночы [хлопцы] правалаводзіліся, пакуль усё давялі да ладу. Новікаў. Цэлую гадзіну правалаводзіліся яны, спрабуючы вырваць машыну з канавы. Хадановіч.
правалаво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм. Тое, што і правалаводзіцца.
правалака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Зал. да правалакаць.
правалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да правалачы.
правалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. правалок, ‑лакла, ‑лакло; заг. правалачы; зак., каго-што.
Разм.
1. Працягнуць волакам. [Іван] правалок нагу па траве, стараючыся ступіць як мага натуральней, але гэта яму не дужа ўдалося. Быкаў.
2. Зацягнуць (нітку ў вушка іголкі).