прыто́чвацца 1, ‑аецца; незак.
Зал. да прыточваць 1.
прыто́чвацца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да прыточваць 2.
прыто́чваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прытачыць 1.
прыто́чваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прытачыць 2.
прыто́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыточваць 1 — прытачыць 1.
прыто́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыточваць 2 — прытачыць 2.
2. Тое, чым прыточана, прыстаўлена што‑н.
прыто́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прытока, прытоку; прытокавы. Прыточнае паветра. Прыточная вада.
прытру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Трушком прыбегчы, прыехаць. Не паспеў я працерці вочы, як на двор прытрухала цётка Зенька. Мыслівец.
прытры́зніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Здацца, паказацца ва ўяўленні, у сне. Перш прытрызнілася мора, а разам з ім і апошнія хвіліны на кацеры, што ішоў на дно. «Беларусь». / у безас. ужыв. Не, мне не прытрызнілася: я чуў, як за дзвярамі твой голас настойліва паўтараў слова «пусціце!» Скрыган.
прытры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
Уявіць, убачыць у сне. Прытрызніўшы, што я далёка, Ты месца не знаходзіла. Хадыка.
прытрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Злёгку ўтрымацца, затрымацца за што‑н. Прытрымацца за парэнчы.
прытрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Злёгку падтрымліваючы, не даць рухацца, упасці і пад. Леанід прытрымаў хворую руку, узлез на сена і пачаў вобмацкам выбіраць, дзе зручней прымасціцца. Пташнікаў. — Прытрымай [бервяно], я змянюся, — сказаў Рыгор і выняў кол, каб залажыць яго трошкі вышэй за наступны кавалак. Крапіва. // Затрымаць, прыпыніць (рух каго‑, чаго‑н.). Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця.. садзілася на сена. Мележ. Параўняўшыся з агароджай школы, .. [жанчына] прытрымала крок, пайшла павальней. Колас. // Затрымаць на некаторы час, патрымаць некаторы час дзе‑н., для якой‑н. мэты. Нейкі незнаёмы вахцёр прытрымаў мой пропуск. Савіцкі. Білі не дробязь — не сподачкі .., а возьме каторы вялізную вазу.., падыме над галавой, прытрымае, смакуючы небяспеку, і гвазне. Брыль. // Затрымаць наступленне, выкананне чаго‑н. Дажджы прытрымалі сяўбу.
2. Патрымаць да некаторага часу; прыберагчы. Прытрымаць сена к вясне. Прытрымаць тавар.
•••
Прытрымаць язык — не выказацца.
прытры́мліванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прытрымліваць — прытрымаць.