Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасаўшчы́к, ‑а, м.

Той, хто працуе на прэсе.

прасаўшчы́ца, ‑ы, ж.

Жан. да прасаўшчык.

прасачы́цца, ‑сочыцца; зак.

Паступова пранікнуць куды‑н. праз што‑н. Веснавою паводкаю праз цэментавыя шчыліны можа прасачыцца вада... Баранавых. Скупы і халодны, .. [прамень] прасачыўся ў хату праз замёрзлую шыбіну і невялічкай плямкай лёг на твар. Чарнышэвіч. // Непрыметна і паступова прабрацца, пранікнуць у глыбіню чаго‑н. [Пракапенка:] — Перш за ўсё, нам вельмі цікава, таварыш, .. як ваш узвод прасачыўся ў гэты падвал? Кулакоўскі. // перан. Разм. Пранікнуць, распаўсюдзіцца. Толькі аднаго разу прасачылася чутка, што .. [Гусак] падаўся да граніцы Заходняй Украіны. Пестрак.

прасачы́ць, ‑сачу, ‑сочыш, ‑сочыць; зак., каго-што.

1. Наглядаючы, сочачы, выявіць, высветліць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды прапаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Колас. Дзяўчынка паспрабавала прасачыць вачыма, у які бок часцей лятаюць пчолы. Кулакоўскі.

2. Даследаваць, паслядоўна вывучыць працэс развіцця чаго‑н. Важна паказаць у слоўніку не толькі свае ўласныя словы, але і запазычанні, бо, вывучаючы слоўнікавае багацце мовы, можна прасачыць увесь шлях гістарычнага і культурнага развіцця народа, а таксама яго ўзаемаадносіны з іншымі народамі. Гіст. бел. літ. мовы. У апавяданні «Песня» мы прасачылі разам з аўтарам, як чалавек пачынае разумець роднае слова і родную песню. Шкраба.

прасве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Светлая паласа, пляма, утвораная светлавымі праменямі на чым‑н. неасветленым. Сонца нядаўна схілілася з паўдня, але хавалася ўжо за лесам, і на дзялянку падаў доўгі зубчасты цень, дзе-нідзе разрэзаны сонечнымі прасветамі. Шамякін.

2. Прамежак, свабодная прастора паміж якімі‑н. блізка размешчанымі прадметамі. У прасветах паміж будынкамі відаць было жытнёвае поле. Хадкевіч. Велізарнае шэрае неба мільгае ў прасветах між дрэвамі. Гамолка. // перан. Перапынак паміж справамі, часовая палёгка ў рабоце. Яшчэ гадзіну таму назад .. [Паўлу Пятровічу] здавалася, што ў яго, як і заўсёды, на працягу рабочага дня не будзе прасвету, каб нават падумаць аб чымсьці, не звязаным з яго працай. Прокша.

3. перан. Радасць, шчасце ў звычайна бязрадасным жыцці. — Ай, браце Якаў... — Піліп безнадзейна махнуў рукой. — Няма прасвету... Чарнышэвіч. Пад цяжкім гнётам знемагалі людзі, Чыгуннай глыбай гнёт заціснуў грудзі, І не было прасвету у жыцці. Буйло.

4. Спец. Шырыня аконнага ці дзвярнога праёму. // Адтуліна, шчыліна ў чым‑н. Прасвет вены.

5. Падоўжная палоска на пагонах. Нейкаму сынку, Недзе там на хутары, Сніліся пагоны З прасветам залатым. Броўка. Збіўшыся ў кучку,.. [хлопцы] насцярожана разглядвалі на плячах конніка пагоны: зялёнае поле з чырвоным прасветам, а на ім чатыры зорачкі. Курто.

•••

На прасвет (глядзець, разглядаць і пад.) — супраць святла. На момант .. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

Не бачыць прасвету гл. бачыць.

прасве́тласць, ‑і, ж.

1. Здольнасць ясна, правільна мысліць; часовая яснасць, выразнасць усведамлення. Чуткі ўлілі нейкую прасветласць у напружанае становішча ў мястэчку. Гартны. І ці давалі гэтыя гаворкі якую-небудзь прасветласць у думках? Чорны.

2. Разм. Уласцівасць прасветлага. Гора, нястача, няўпраўка як бы глядзяць на героя з кожнага кутка і шчыліны, адбіраючы ўсю прасветласць жыцця. Навуменка.

прасве́тленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан прасветленага.

прасве́тлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прасвятліць.

2. у знач. прым. Ясны, радасны, светлы. Твары першых людзей здаваліся мне такімі прасветленымі, незвычайна адухоўленымі, нібы чалавек ніколі не ведаў ні сумненняў, ні гора, ні тугі. М. Стральцоў. // Які выяўляе радасць, задавальненне; ззяючы.

прасве́тліна, ‑ы, ж.

Тое, што і прасвет (у 1–3 знач.). Праз нейкі час спераду забліскалі прасветліны, а потым і цэлая вялізная прастора паказалася. М. Ткачоў. Не праехаў Чубар і паўкіламетра, як у прасветлінах паміж дрэў выступілі хаты. Чыгрынаў. Скажам, спрадвечным пакутнікам, чалавекам без адзінай прасветліны ў жыцці паўстае селянін у многіх вершаваных творах Багушэвіча. Навуменка.

прасве́тлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Радасны, шчаслівы. [Жонка:] — Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Чорны. Няма яму прасветлай часіны ні дома, ні ў наймах. С. Александровіч.