прасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.
1. Садзіць некаторы час.
2. Разм. Марна зрасходаваць, патраціць. Прасадзіць грошы. □ [Ярошка:] Будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы. Дамашэвіч. // Прагуляць (у якой‑н. гульні). — Вот угадае паставіць, — здзівіўся банкір, адлічваючы тры рублі. — Я ж табе чатыры прасадзіў. Колас.
3. Разм. Прабіць, пракалоць, праткнуць. Прасадзіць нагу. □ Выжлятнік .. стаў дзічыцца, палохацца дрэў, што, здавалася, нагінаюць увачавідкі дзіды, каб праткнуць — прасадзіць яму навылёт нутро. Пташнікаў. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.
4. Прасунуць што‑н. праз што‑н. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Кулакоўскі. Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны. Чарот.
праса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Спец. Стан паводле знач. дзеясл. прасядаць — прасесці. Прасадка чыгуначнага палатна.
прасады́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да прасодыі.
прасаката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
1. Абазвацца сокатам, засакатаць. Курыца прасакатала. Кулямёт прасакатаў.
2. Сакатаць некаторы час.
праса́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прасаліць.
2. Запэцканы салам, тлушчам, мазутам і пад., вельмі брудны ад тлушчу.
праса́ліцца, ‑ліцца; зак.
Запэцкацца, насыціцца салам, тлушчам. Папера прасалілася наскрозь.
прасалі́цца, ‑со́ліцца; зак.
Набрацца соллю, стаць прасоленым. Сала прасалілася.
праса́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Насыціць, густа змазаць салам. Прасаліць паперу. Прасаліць колы. // Забрудзіць салам, тлушчам і пад. Прасаліць фуфайку.
прасалі́ць, ‑салю́, ‑со́ліш, ‑со́ліць; зак., што.
1. Насыціць соллю. Прасаліць мяса.
2. і без дап. Саліць некаторы час.
праса́львацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да праса́ліцца.
2. Зал. да прасальваць.
праса́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да праса́ліць.
прасапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. прасоп, ‑сапла, ‑ло; зак.
Пасапці некаторы час.