закурэ́ць 1, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Пакрыцца сажай; задыміцца 1. Закурэлі сцены ў асеці. □ — Ты мне, Марынка, як заўсёды, падрыхтуй крыху вады, і я апаласнуся, а то закурэў. Скрыпка. Толькі сёння я заўважыў, як закурэла даўно нячышчанае шкло на лямпе. Карамазаў.
закурэ́ць 2, ‑зе; зак.
Пачаць курэць.
•••
Аж (толькі) пыл закурэў гл. пыл.
закуса́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад закусаць 1.
закуса́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Змучыць, замучыць укусамі; абкусаць, скусаць. Закусалі камары.
закуса́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць кусаць.
заку́сачная, ‑ай, ж.
Сталоўка, у якой падаюць проста згатаваныя, звычайна халодныя стравы. Закусачная-аўтамат. □ Пачынаецца ў порце абедзенны перапынак. Грузчыкі ідуць у закусачныя, у кафетэрыі. Лынькоў.
заку́сачны, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да закускі, з’яўляецца закускай (у 2 знач.). Закусачныя вырабы. Закусачная каўбаса. // Прызначаны для закусак. Закусачныя талеркі.
заку́сванне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. закусваць 1 — закусіць 1.
заку́сванне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. закусваць 2 — закусіць 2.
заку́свацца, ‑аецца; незак.
Зал. да закусваць 1.
заку́сваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да закусіць 1.
заку́сваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да закусіць 2.
закусі́ць 1, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., што.
1. Заціснуць зубамі. Хлапчук закусіў ніжнюю губу і зірнуў спадылба на бацьку. Пальчэўскі. Зося зрабіла крок наперад, потым закусіла рог хусткі і пачала яшчэ пільней углядацца. Лупсякоў.
2. Разм. Адкусіўшы частку чаго‑н., пакінуць рэшту недаедзенай; надкусіць. Закусіць яблык.
•••
Закусіць цуглі — а) перастаць падпарадкоўвацца (пра каня). Калі пачалі рвацца першыя снарады, Міхасёў конь, спалоханы выбухамі, закусіў цуглі і панёсся, як шалёны, у лес. Машара; б) перан. Ісці напралом, дзейнічаць без аглядкі, ні з чым не лічачыся.
закусі́ць 2, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.
1. што, чым і без дап. Заесці што‑н. выпітае або з’едзенае. Закусіць горкае салодкім. □ [Кірыла і Тарас] выпілі па чарцы і закусілі цыбуляй. Гурскі.
2. Разм. Крыху паесці, перакусіць (у 2 знач.).
•••
Рукавом закусіць — выпіўшы, нічога не з’есці.