Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прытармо́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прытармазіць.

прытарнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.

Абл. Прыпыніцца, прыстаць. Аўтух з сваёй кампаніяй скалазубаў прытарнаваўся да плота — вакол яго, як заўсёды, грымеў безупынны раскатны рогат. Зарэцкі. І толькі прытарнаваўся я, ногі пад сябе падкурчыў, як адчыніліся дзверы і ўвайшоў рослы такі, над усімі піянерамі большы. Баранавых.

пры́тарнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прытарнага.

пры́тарны, ‑ая, ‑ае.

1. Непрыемны ад празмернай канцэнтрацыі якіх‑н. якасцей (пра смак, пах і пад.). Смачны бульбяны водар перабівае цяжкі, прытарны пах каніны. С. Александровіч. Кругом было ціха. Пахла, здавалася, гуркамі, белапузымі гарбузамі, якія яшчэ спелі, махрыстым прытарным маркоўнікам... Ермаловіч.

2. перан. Празмерна, ненатуральна саладжавы. Прытарная ветлівасць.

прытаро́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прытарочваць.

прытаро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прытарочыць.

прытаро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Прывязаць тарокамі да сядла. // Разм. Прымацаваць, прывязаць што‑н. да чаго‑н. [Дзмітрый] туга прытарочыў парашутыста да брані. Каб не дрогала ў галаву, падклаў пад ніз яго ж мундзір. Беразняк.

прытарцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

Спец. Прыкласці, прыклеіць пад адзін ўзровень (фанеру).

прытарцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прытарцаваць.

прытаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. прытоўк, ‑таўкла, ‑ло; заг. прытаўчы; зак.

1. што. Прыправіць затаўкай. Прытаўчы боршч.

2. каго. Разм. Збіць, пабіць; дабіць. І каб не ўцёк Іллюк на тую часіну, каб хоць з хвіліну яшчэ пачакаў .., да паўсмерці б прытаўкла [Альжа] і яго, як таго беднага маладога балагола. Калюга.