Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прарэ́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прарэзаць.

прарэ́зацца, ‑рэжацца; зак.

1. З’явіцца на паверхні чаго‑н., пачаць расці (пра зубы, рогі). Зубы прарэзаліся. Рогі прарэзаліся.

2. Разм. Пранікнуць, прабіцца праз што‑н. Бледны, плямісты месяц, што хвіліну назад быў прарэзаўся ў небе, зноў схаваўся — нырнуў, як у падушку, у хмару. Сачанка.

3. Абазначыцца, вылучыцца рэзкімі лініямі (пра маршчыны). На шырокім упартым ілбе Кліма прарэзаліся глыбокія зморшчыны. Шахавец.

4. Разм. Прагуляць у што‑н. з азартам да якога‑н. часу. [Сашка і Вэня] паклікалі добрых двух суседзяў і прарэзаліся да самага світання ў прэферанс. Чорны.

прарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., што.

1. Зрабіць у чым‑н. адтуліну, разрэз чым‑н. рэжучым. У дарозе мы прарэзалі дзверы вагона, зламалі засаўку і на хаду саскочылі з поезда. Краўчанка. // Прасячы ці прапілаваць (дзверы, акно і пад.). Шырэй прарэзалі вокны [у хаце], атынкавалі лепшы канец. Лось.

2. Прайсці праз што‑н., упоперак чаго‑н.; пранізаць. Цёмнае неба над возерам прарэзала ад краю да краю доўгая і няроўная агністая лінія маланкі. В. Вольскі. // Пралегчы, працягнуцца праз што‑н. Дзве доўгія стужкі — чыгуначная і аўтамабільная магістралі — прарэзалі лясы, палі. Дадзіёмаў. // Перадачы, пралегчы (пра маршчыны, шрам). — Пра канвеер я думала, — як здалося Мікіту Мікітавічу, бесклапотна сказала Дзіміна, але лоб яе ўпершыню прарэзала маршчынка. Карпаў.

3. Пранесціся, раздацца (пра рэзкія, моцныя гукі). Крык, такі ўжо блізкі, яшчэ раз прарэзаў ветраную цёмную ноч і заціх. Пестрак.

4. Рэзаць некаторы час.

прарэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прарэзваць — прарэзаць.

прарэ́звацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прарэзацца (у 1–3 знач.).

2. Зал. да прарэзваць.

прарэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прарэзаць.

прарэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. праразаць — прарэзаць (у 1 знач.).

2. Р мн. ‑зак. Прарэзаная дзірка для зашпільвання, прышпільвання чаго‑н. З кішэнькі ў кішэньку быў працягнуты праз прарэзаў ланцужок. Сабаленка.

прарэ́злівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прарэзлівага.

прарэ́злівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які моцна, рэзка дзейнічае на органы пачуццяў. Дзесьці ў глыбіні парку зайграў джаз. Дзікія, прарэзлівыя гукі рвануліся ўвысь, закружыліся над кронамі дрэў. Шашкоў. Цішыню ночы раз-пораз разрывалі прарэзлівыя свісткі паравозаў. М. Ткачоў.

2. Пільны, пранізлівы (пра вочы, позірк). Стоячы на адным месцы, [пані] акінула Сцёпку прарэзлівым бліскучым позіркам. Баранавых.

прарэ́ктар, ‑а, м.

Намеснік рэктара.

[Ад лац. pro — замест і rector — правіцель, кіраўнік.]