Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сцяга́ч, ‑а, м.

Разм.

1. Уст. Зборшчык падаткаў. Яны [сялянкі] прыйшлі сюды скардзіцца на сцягача падаткаў, што замнога ўзяў, што пакрыўдзіў. Хромчанка.

2. Валацуга, прыблуда. [Міхал:] — Але можа Пракоп Крываблоцкі ў прымы возьме басяка, гуляку, сцягача з усяго свету. Чарнышэвіч.

сця́гвальны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сцяжны.

сця́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. сцягваць — сцягнуць (у 1–4, 7–9 і 13 знач.); дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. сцягвацца — сцягнуцца.

сця́гвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сцягнуцца.

2. Зал. да сцягваць.

сця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сцягнуць (у 1–4, 7–9 і 13 знач.).

сцяге́нца, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да сцягно. Мы самі харчаваліся ў гэты час зялёным пер’ем цыбулі ды шчаўем, але дзеля цёткі былі зняты з гарышча вэнджанае сцягенца і мяшэчак з жоўтым, ёлкім салам. Навуменка.

сцягно́, а́; мн. сцёгны (з ліч. 2, 3, 4 сцягны́), ‑аў; н.

1. Частка нагі жывёлы або чалавека ад таза да калена. Ногі праваліліся ў снег, аж па сцёгны. Пташнікаў. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. — Харч добры на фабрыцы-кухні, — смеючыся, адказала Зіна і пляснула далонямі сябе па сцёгнах. Грамовіч.

2. Бядровая частка тушы; кумпяк. Добрую плату даў Шпак сваім «лясным сябрам» [кантрабандыстам]. А да ўсяго прывёз гарнец гарэлкі і вэнджанае сцягно на закуску. Ваданосаў.

сця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцягнуць.

2. у знач. прым. У мовазнаўстве — які надвергнуўся сцяжэнню, усечаны. У мове паэтычных твораў (асабліва XIX і першай трэці XX стагоддзя) нярэдка сустракаюцца так званыя сцягнутыя, або ўсечаныя, формы прыметнікаў. Граматыка.

сцягну́цца, сцягнуся, сцягнешся, сцягнецца; зак.

1. Туга зацягнуць сябе чым‑н. Сцягнуцца поясам.

2. Злучыцца, самкнуцца канцамі, краямі. Кальцо войскаў сцягнулася наўкол горада.

3. Сабрацца, сканцэнтравацца ў адным месцы (пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.). Войскі сцягнуліся да пераправы.

4. Разм. Спусціцца, перамясціцца марудна, з цяжкасцю. Так цёпла цэлы дзень было, Што дзед — і той сцягнуўся з печы. Багдановіч.

5. Разм. Пайсці куды‑н., сысці адкуль‑н. Сцягнуўся недзе на цэлы дзень.

6. З цяжкасцю быць знятым (пра што‑н. з адзення, абутку). Бот нарэшце сцягнуўся.

7. Разм. Прайсці марудна; здоўжыцца (пра час, дарогу). Сцягнулася дарога ў тры кіламетры — такім гарэў нецярпеннем, хоць усведамляў, што .. [Антанюк і Будыкаў] могуць сапсаваць адзін аднаму настрой. Шамякін. У чаканні трывожным сцягнулася кароткая летняя ноч. Галавач.

сцягну́ць, сцягну, сцягнеш, сцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Гарбук. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла. Колас. // Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты. Чарнышэвіч. Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто. Шыцік. Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар. Арабей.

2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду. Кірэенка. Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка. Даніленка.

3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.

4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут... Гурскі.

5. Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў. Нядзведскі. Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка. «Полымя». // Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня. Корбан.

6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла. Шыловіч.

7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.

8. чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем. Мыслівец. Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці. Караткевіч.

9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут. Шамякін. Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі. Астрэйка. // Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка. Савіцкі.

10. звычайна безас. Разм. Звесці, скурчыць (пра сутаргу). Сцягнула нагу.

11. часцей безас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Брыль. Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца. Прокша.

12. безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая. Кудравец.

13. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.