аго́рклы, ‑ая, ‑ае.
1. Пра тое, што набыло горкі смак. Не спазнаўшы месяца мядовага, Яблынькі прачнуліся удовымі, Доляй падзяліліся з рабінамі — Дзічкамі агорклымі зрабіліся. Барадулін.
2. перан. Пра тое, што надакучыла, абрыдла. З двара пачуўся так добра знаёмы, такі ўжо агорклы голас: «Мар-ры!» Брыль. // Невыносны, цяжкі. [Язэп:] — Як там маці? [Даша:] — Нічога... І зноў настала агорклая цішыня. Асіпенка.
аго́ркнуць, ‑не; пр. агорк, ‑ла і агоркнуў, ‑нула; зак.
1. Тое, што і згоркнуць.
2. перан. Вельмі надакучыць, абрыдзець. Толькі цікуе [сталяр] спадылба, як той воўк, — сказала мама. — А робіць — ну, што мокрае гарыць. Агоркла ўжо глядзець на гэту работу... Брыль. // Стаць невыносным, цяжкім. Жыў ён [муж] бедна. Спадзяваўся Свой прыдбаць куточак, Хату вывесці, зямелькі Прыкупіць шматочак, Бо агоркнуў хлеб батрацкі. Колас.
аго́рнуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад агарнуць.
аго́ртвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да агарнуцца.
2. Зал. да агортваць.
аго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да агарнуць.
аго́ўтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Абл. Паступова асвоіцца, прывыкнуць. [Васіль:] — Чалавек агоўтаецца, звыкнецца, яму здаецца, гэтак яму і патрэбна... Баранавых.
агра...,
Першая частка складанаскарочаных слоў, якая адпавядае слову «агранамічны», напрыклад: агравучоба, аграгурток, аграпрыём, агралабараторыя, аграмерапрыемства, аграфізіка.
[Грэч. agrós — поле.]
аграба́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. аграбаць — агрэбці.
аграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да агрэбці.
агра́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
1. Сілай адабраць у каго‑н. маёмасць, грошы; абрабаваць. Разам з тым [Гамыра] займаўся і бандыцтвам, выходзячы на дарогу. Аграбіў аднаго доктара, падманам заклікаўшы яго да «хворага». Колас. // Выкрасці чужую маёмасць. Аграбіць кватэру, магазін.
2. Забраць, абрабаваць паборамі; абабраць.
3. перан. Пазбавіць духоўных сіл; апустошыць.