прараша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Рашаць некаторы час.
прарва́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прарваць.
2. у знач. прым. Падраны, разадраны. Прарваная кашуля.
прарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разадрацца, утварыўшы дзірку. Рукавы на локцях прарваліся.
2. Сілай, напорам, пераадолеўшы перашкоды, прайсці, уварвацца. У зямлянку з дзвярэй прарвалася вада, яна залівала гліняную падлогу. Гурскі. // Пераадолеўшы супраціўленне, прайсці, прабіцца. — Недзе, кажуць, цэлая наша армія прарвалася з гарматамі, з танкамі. Навуменка. [Камісар:] — Сёння ўначы мы паспрабуем прарвацца па балоце. Нам памогуць. Чыгрынаў. // Пранікнуць, прайсці праз якую‑н. перашкоду (аб праменях святла, сонца і інш.). Праз хмары гатова было вось-вось прарвацца сонца. Мележ.
3. перан. Нечакана і буйна выявіцца, праявіцца (пра якое‑н. стрыманае пачуццё, стан). Хваравітая раздражненасць, якая не раз ужо спрабавала прарвацца, раптам хлынула ў Даміры цераз край. Асіпенка.
прарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.
1. што. Разадраць, утварыўшы дзірку. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны.
2. безас. што. Моцным напорам прамыць дзірку ў чым‑н., разбурыць перашкоду (пра ваду). Цяпер не хапае толькі, каб прарвала плаціну, і тады паляціць усё ўніз. Броўка. // без дап. Лопнуць (аб нарыве). Нарыў прарвала.
3. што. Зламаць супраціўленне, прабіцца, прайсці праз што‑н. Прарваць фронт. Прарваць блакаду. □ Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ.
4. што. Зрабіць радзейшым, вырваўшы частку раслін. Прарваць цукровыя буракі.
5. што. Парушыць (цішыню, маўчанне і пад.). Раптам у бакавым калідоры цішыню прарваў прарэзлівы мужчынскі крык. Новікаў.
6. безас. каго і без дап. Разм. Аб раптоўным пераходзе ад бяздзеяння ці спакойнага стану да якога‑н. інтэнсіўнага дзеяння. Нарэшце краўца прарвала: падскочыў з услончыка, насунуў аблавушку і.. рынуўся да дзвярэй. Рылько.
праржаве́лы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты ржой, наскрозь з’едзены ржой. Праржавелы чайнік. Праржавелы дрот.
праржаве́ць, ‑ее; зак.
Пакрыцца ржой, сапсавацца ад іржы. Замок праржавеў.
праржа́ць, ‑ржу, ‑ржэш, ‑ржэ; ‑ржом, ‑ржаце; зак.
1. Абазвацца ржаннем. Конь праржаў.
2. Паржаць некаторы час.
праро́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прарабіць.
праро́к, ‑а, м.
1. Паводле некаторых рэлігійных вераванняў — праведнік волі бога, пасланы богам. [Арцём:] — А сынок ты мой! Скажы мне, каток, які гэта прарок сядзеў у пустыні і крумкачы насілі яму мяса? Колас.
2. Прадказальнік будучыні, вяшчун. Запанавала цішыня, але Малец чамусьці ўспомніў перарваную ўжо каторы раз размову, спытаўся ў Ярошкі: — Слухай, прарок, а чаму ты мне не пагадаў наконт грошай? Дамашэвіч.
праро́слы, ‑ая, ‑ае.
Які прарос, пусціў праростак, расток. Прарослае насенне.