прарака́льнік, ‑а, м.
Уст. Той, хто прадказвае будучае; прадракальнік.
прарака́льніца, ‑ы, ж.
Уст. Жан. да праракальнік.
прараката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
1. Утварыць кароткі рокат, заракатаць. Блізка праракатаў аўтамат. Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер.
2. Ракатаць некаторы час.
прара́н, ‑а, м.
Спец. Праход, пакінуты ў плаціне да поўнага перакрыцця ракі. Прыціснутая перамычкай да левага берага, ляцела Ангара скрозь вузкі праран. Савіцкі.
прарані́ць, ‑раню, ‑роніш, ‑роніць; зак., што (са словамі «гук», «слова» і пад.).
Вымавіць, сказаць. Хлопчык слова не прароніць, Дзеду ў вочы ён глядзіць. Колас. Свядома ці несвядома грозна-ўрачысты правадыр і ўсемагутны шаман прараніў адно слова... па-польску. Брыль. Ліда Пятроўна папрасіла, каб выказваліся. Ніхто не прараніў ні слова. Каваль.
•••
Не прараніць слязы — не заплакаць.
прараста́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. прарастаць — прарасці (у 1, 2 знач.).
прараста́ць, ‑ае.
Незак. да прарасці (у 1, 2 знач.).
прарасці́, ‑расце; зак.
1. Выпусціць расток, парастак. Шчасця большага няма ў зярняці, як на ніве роднай прарасці. Таўлай.
2. Вырасці з зерня, клубня і інш.; прабіцца. Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Караткевіч. На палянцы зацішнай У родным бары Прараслі з адной шышкі Дзве сасны, дзве сястры. Жычка.
3. Расці некаторы час. Дрэва прарасце яшчэ гадоў дваццаць.
прарасці́ць, ‑рашчу, ‑росціш, ‑росціць; зак., што.
Дабіцца з’яўлення растка, парастка, стварыўшы для гэтага пэўныя ўмовы. Палавіну насення [Палікарпаўна] прарасціла, а палавіну пакінула сухім. Кулакоўскі.
прараўці́, ‑раву, ‑равеш, ‑раве; ‑равём, ‑равяце; пр. прароў, ‑раўла, ‑раўло; заг. прараві; зак.
1. Абазвацца ровам.
2. Разм. Раўці некаторы час. Прараўці ўвесь дзень.