Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сцяблі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш. да сцябліна; невялікая сцябліна. Ні сцяблінкі з-пад снегу не ўбачыш нідзе. Куляшоў.

сцяблі́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сцяблінкі.

сцяблі́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікім сцяблом або вялікай колькасцю сцёблаў. [Лён] доўга стаяў там на покуці — высокі, сцяблісты, жоўты, як воск, .. і, здавалася, свяціўся, выхваляючыся руплівасцю чалавечых рук. Палтаран.

сцябло́, а́; мн. сцёблы (з ліч. 2, 3, 4 сцяблы́), ‑аў; н.

1. Надземная частка травяністай расліны, якая нясе на сабе лісце, кветкі і плады. Узяўшы кветку, [Наташа] убачыла, што сцябло зломана. Гарбук. Міхалка стаяў перад .. [Скуратовічам], як аслупянелы, мнучы ў пальцах сцябло сарванай травы. Чорны.

2. Спец. Назва розных частак прадметаў ці прыстасаванняў, якія маюць выгляд трубкі, стрыжня. Сцябло затвора вінтоўкі.

сцябло́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сцябла. Сцябловыя парасткі. // Размешчаны на сцябле. Сцябловыя вузлы. // Які знішчае сцябло. Сцябловая ржа.

2. Са сцяблом. Сцябловыя расліны.

сцяг, ‑а; мн. сцягі, ‑оў; м.

1. Умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы і афарбоўкі з надпісамі, упрыгожаннямі і пад., якое служыць эмблемай дзяржавы, арганізацыі ці вайсковай часці, злучэння, карабля. Калоны за калонамі Пад сцягамі чырвонымі Ідуць, як хвалі рэк. Колас. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго! Нібы з іскры гарачай, з таго сцяга — Прабітага — па ўсіх зямных абсягах Забушавала полымя сцягоў. Панчанка.

2. перан.; чаго. Ідэя, якая служыць асновай адзінства дзеянняў якой‑н. групы, арганізацыі; светапогляд, праграма. Пад сцягам міру. Пад сцягам свабоды. □ Хай сцягам служыць слава. Дзяліць паміж сабой Яе не маюць права Ні бог і ні герой! Непачаловіч.

•••

Падняць (узняць) сцяг гл. падняць.

Трымаць высока сцяг гл. трымаць.

сцягано́сец, ‑носца, м.

1. Асоба, якой даручана несці сцяг. Сцягі ляцяць, смяюцца трубы, чаканіць крок за сцяганосцам зямлі венгерскай маладосць. Вялюгін. Ад кулі ўпадзе сцяганосец Ці дрэўка асколкам ссячэ, — Нябачныя рукі ўзносяць Штандар і яшчэ і яшчэ. Гаўрусёў.

2. перан. Барацьбіт, змагар за ўсё перадавое. Савецкі Саюз — сцяганосец міру.

сцягано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ўзнагароджаны сцягам. Сцяганосны калгас. // Упрыгожаны сцягам (сцягамі). Яе [Масквы] мне вобраз мроіўся не звонам старых званіц і не Крамля каронай, — са школьных дзён у памяці маёй яна ўжылася Прэсняю Чырвонай і сцяганоснай майскаю ракой. Русецкі.

сцяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Схадзіць куды‑н. і прыйсці назад. [Пятрэсь:] — Ніхто і не глянуў, што я ў гэтых трантах туды прыйшоў... Ат, дарам толькі сцягаўся. Арочка.

2. Знасіцца. Касцюм сцягаўся хутка. // перан. Вычарпацца, зрасходавацца. Мінула яшчэ тры гады. Сілы Агеевы за гэтыя гады сцягаліся, растрэсліся па полі ды па лесе, як цягаў бярвенні. Галавач.

сцяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Цягнучы, несучы, звалачы, сабраць у адно месца ўсё, многае. Сцягаць жэрдзе ў кучу.

2. Разм. Звадзіць куды‑н. і прывесці назад. Сцягаць старога на базар.

3. Разм. Знасіць. Сцягаць сукенку за адно лета.