прыспе́шыцца, ‑шыцца; зак.
Разм. Паскорыцца, пайсці хутчэй. Работа прыспешылася. □ Тое, што Галіна Заранка наважыла пакінуць Варанец, прыспешылася вось чым: чэрвеньская раніца падняла на ногі да ўсходу сонца не толькі варанчан. Сабаленка.
прыспе́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
1. што. Зрабіць больш хуткім, таропкім. Алесь прыспешыў крок. І калі выйшаў на адкрытае месца, у некалькіх кроках ад сябе ўбачыў Тасю. Хадановіч. Я прыспешыў хаду і праз некалькі крокаў апынуўся на лясной паляне, мякка асветленай ружовымі праменямі вячэрняга сонца. В. Вольскі.
2. што. Наблізіць наступленне чаго‑н. Ніколі .. [Дзялянка] не лічыўся са сваім часам, каб толькі даць краіне больш вугалю і гэтым прыспешыць разгром ненавісных гітлераўцаў. Паслядовіч. [Ніна] ведала, рана ці позна, а шчырая размова са Сцяпанам Сцяпанавічам павінна была адбыцца. Выпадак толькі прыспешыў яе. Шахавец.
3. каго-што. Прымусіць рабіць што‑н. хутчэй. Дзяўчына.. зірнула на.. [Паўла] і перастала пісаць. Але Маша прыспешыла яе: — Пішыце, мы згодны ў Задубскую РТС. Гроднеў.
прыспі́чыць, ‑чыць; безас. зак., каму.
Разм. Абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца. Што ж гэта.. [Буцкевічу] раптам прыспічыла сюды ехаць? Вітка. Калом у грудзях стаяла гэтая канаўка, што магла адрэзаць частку агарода. Няўжо так прыспічыла капаць яе якраз тут? Кулакоўскі.
прыспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыспорыць.
прыспо́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Разм.
1. Прымножыць, павялічыць. Калгас прыспорыў свае багацці. // безас. Стаць больш. Бульбы прыспорыла.
2. Зрабіць спорным, спарнейшым; паскорыць. Круг велікаваты, і Міша прыспорыў хаду. Арочка.
прыспуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыспусціцца.
2. Зал. да прыспускаць.
прыспуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыспусціць.
прыспусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
Трохі апусціцца, спусціцца. Прыпусціўся ў даліну з узвышша, каб узняцца ізноў, і — вышай! Дубоўка.
прыспусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., што.
Трохі апусціць, спусціць. Прыспусціць сцяг.
прыспу́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыспусціць.