Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экспано́метр, ‑а, м.

Прылада для вызначэння экспазіцыі (у 3 знач.) пры фота‑, кіназдымцы і фотакапіраванні.

[Ад лац. expono — выстаўляю і metreō — вымяраю.]

экспансі́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць экспансіўнага; нястрыманасць, бурнае праяўленне пачуцця. Гэтая невысокая, хударлявая, але зграбная, з падфарбаванымі рыжымі валасамі, быстрым позіркам і тонкімі вуснамі жанчына рабіла на ўсіх моцнае ўражанне сваёй экспансіўнасцю і рашучым характарам. Рамановіч. І ў той жа час мы чытаем верш [А. Міцкевіча] як нацыянальнае рускае тварэнне, пазнаём непаўторны пушкінскі стыль, пушкінскую экспансіўнасць лірычнага пачуцця. Палітыка.

экспансі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Нястрыманы, які бурна выяўляе свае пачуцці. Антось быў значна маладзейшы за свайго субяседніка-суседа. Можа таму і больш экспансіўны ў гутарцы, у думках. Машара. // Узбуджаны, усхваляваны. Экспансіўны голас.

[Фр. expansif.]

экспа́нсія, ‑і, ж.

Пашырэнне сферы ўплыву капіталістычнай дзяржавы ці манапалістычнай групы эканамічнымі ці пазаэканамічнымі метадамі, імкненне да захопу новых тэрыторыя. Імперыялістычная экспансія. Эканамічная экспансія.

[Ад лац. expansio — расшырэнне, распаўсюджанне.]

экспансіяні́зм, ‑у, м.

Імкненне да экспансіі, правядзенне палітыкі экспансіі. Экспансіянізм амерыканскіх імперыялістаў.

экспансіяні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік экспансіянізму.

экспансіяні́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экспансіянізму, да экспансіяніста. Экспансіянісцкая палітыка.

э́кспарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Вываз тавараў за мяжу; проціл. імпарт. Тытунь складае важную частку балгарскага экспарту. «Маладосць».

2. Агульная колькасць або агульны кошт тавараў, вывезеных якой‑н. краінай, а таксама сам вывезены тавар.

[Англ. export.]

экспартава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. экспартаваць.

экспартава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад экспартаваць.

2. у знач. прым. Вывезены за мяжу. Экспартаваны лес.