Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сцюдзяне́ць, ‑ее; незак.

Разм. Станавіцца сцюдзёным, халодным. Сцюдзянеюць дні. / у вобразным ужыв. У дзядзькі Сцяпана змыкаюцца сківіцы, нядобра сцюдзянее адзінае вока. Быкаў.

сцю́жа, ‑ы, ж.

Разм. Моцны холад, мароз. Нават зімой у лютую сцюжу .. [Сарокін] праз палонку апускаецца на дно ракі і працуе. Данілевіч. / Пра завею, мяцеліцу. Не хадзіў я з табой па сцяжынцы адной, Калі сцюжа мяла. Прыходзька. // перан. Жыццёвыя нягоды, цяжкасці. Шчасце наша прайшло праз сувеі і сцюжы, Многім з нас давялося пабялець без пары. Вітка. Твая песня стыхіяю мора Адбівалася ў сэрцы лапцюжных, Разлівалася ў цёмным прасторы, Дзе спявалі мінулага сцюжы. Трус.

сцю́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Халодны, марозны. Тыя ж на поўначы — З вёснаў да вёснаў — У сцюжнай Карэліі Высяцца сосны. Купала. А снежань туманны, Халодны І сцюжны. Жалобнага маршу Гучыць вадаспад. Хведаровіч.

сцюкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сцюкаваць.

сцюкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Звязаць у цюкі. Сцюкаваць сена.

сцяба́нне і сцёбанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцябаць, сцёбаць і сцябацца, сцёбацца.

сцяба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і сцёбацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Сцёбаць сябе або адзін аднаго. Станіслаў залез на палок і пачаў сцёбацца венікам. Жычка. [Дзеці] лазілі па камлі, сцябаліся тонкімі бярозавымі розгамі. Маеўская.

сцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і сцёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Біць чым‑н. гнуткім; хвастаць. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. У час другой перамены Вінцусь дзесьці знайшоў гнуткую лазіну і пачаў ёю сцёбаць дзяўчат па голых нагах. Прокша. Паўлюк перастаў трашчаць карой і сцёбаў дубцом па траве. Пташнікаў. // Біць, хвастаць таго, хто рухаецца (пра галіны і пад.). Ішоў, І травы па каленях Балюча сцёбалі яго [чалавека]. Калачынскі. Каласы жорстка сцябалі .. [Бабейку] па твары. Хадкевіч. / Пра вецер, дождж, град і пад. Па шыбах шырокіх [акон] сцёбаў асенні дожджык. Чарнышэвіч. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Быкаў. Сцябае па твары вецер, здзірае з галавы капялюш. Лось. // перан. Рэзка адчытваць, крытыкаваць. Сцябаць крыўднымі словамі. □ [Люба:] — Лоўка [Саламон] сцёбаў начальства. Лоўка! Як у гогалеўскім «Рэвізоры» выйшла. Бядуля.

сцяблі́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і сцябло (у 1 знач.). Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка.

сцяблі́ністы, ‑ая, ‑ае.

Які мае сцябло. Сцябліністыя парасткі. // Які мае выгляд сцябла. Сцябліністая форма лісцевага чаранка.