Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыва́жвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прыважваць.

прыва́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыважыць.

прыва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што і чаго.

Разм. Дадаць для павелічэння вагі чаго‑н.; даважыць.

прывазны́, ‑ая, ‑ое.

Прывезены, дастаўлены адкуль‑н. Прывазная сыравіна.

прывакза́льны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца каля вакзала. Прывакзальная плошча. □ Да прыходу цягніка было яшчэ з паўгадзіны, і дзяўчаты сядзелі ў прывакзальным скверыку. Васілевіч. На месцы колішніх прывакзальных драўляных дамкоў і хат быў заліты асфальтам пляц. Чорны.

прыва́л, ‑у, м.

1. Прыпынак у дарозе для адпачынку ў час паходу, перамяшчэння і пад. Салдату досыць дзесяціхвіліннага прывалу, каб ён, паспеў не толькі заснуць, але трохі і выспацца. Шахавец. Калі скончыўся прывал, полк рушыў далей. Лынькоў. // Месца для такога прыпынку. Над ракою на прывале Неяк мы заначавалі. Нядзведскі. Я люблю Дым кастроў на начлежных прывалах. Кірэенка.

2. Дзеянне паводле дзеясл. прывальваць ​1 — прываліць ​1 (у 2 знач.).

прывалака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прывалачыся.

2. Зал. да прывалакаць.

прывалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прывалачы.

прывалачы́, ‑лаку, ‑лачаш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. прывалок, ‑лакла, ‑ло; заг. прывалачы; зак., каго-што.

Валочачы, цягнучы, даставіць куды‑н. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. — Будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як ты цяпер ляжыш. Колас. Прывалаклі [партызаны] нават два цяжкія кулямёты. Шахавец. // Разм. Прынесці (звычайна што‑н. цяжкае, вялікае). [Чыжык] прывалок у яміну новенькі нямецкі карабін і патроны, знойдзеныя сярод забітых гітлераўцаў. Лупсякоў. Гарыдавец Шарона праз сяло Адзін дамоў на плечах прывалок. Танк. // Разм. Сілаю прывесці, прымусіць прыйсці. [Сашка:] — На чорта ён мне, твой гэты працаўнік, ты маеш з ім справы, то ідзі да яго, а чаго ты мяне сюды прывалок? Чорны.

прывалачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся, ‑лакуцца; пр. прывалокся, ‑лаклася, ‑лося; заг. прывалачыся; зак.

Разм. Паволі, з цяжкасцю прыйсці куды‑н. [Сцяпан] неяк перасіліў знямогласць і прывалокся на работу. Гроднеў. — Апошнія два дні дома не была [Мар’янка]. Сёння толькі прывалаклася. Колас. // Зневаж. Прыйсці, з’явіцца (звычайна пра каго‑н. непажаданага). — Распранайся, — пачула маці голас сына і з непрыязнасцю падумала: «Напэўна, зноў прывалокся гэты Жора». Марціновіч.