Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

права... 1,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «права ​1», напрыклад: праваадносіны, правапарадак.

права... 2,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «правы ​1», напрыклад: правабярэжны, правафланговы, праваапартуністычны.

праваадно́сіны, ‑сін; адз. няма.

Від грамадскіх адносін паміж людзьмі, якія рэгулююцца шляхам устанаўлення і дастасавання прававых норм.

праваапартуністы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да правага апартунізму.

праваахо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для нагляду і ахоўвання правоў грамадзян. Праваахоўныя органы.

правабако́вы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца з правага боку.

правабярэ́жжа, ‑а, н.

Правы бераг ракі. Баі на правабярэжжы Дняпра з кожным днём станавіліся ўсё больш моцнымі. Мележ.

правабярэ́жны, ‑ая, ‑ае.

Размешчаны на правым беразе ракі.

прававе́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Уст. Спецыяліст па правазнаўству.

прававе́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прававернага.

прававе́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які строга верыць у догмы якой‑н. рэлігіі. Фэлька з першага дня неўзлюбіў нявестку. Не быў ён такі прававерны ўжо католік, але цяпер еў поедам сына, што той браў шлюб не ў касцёле, а ў царкве. С. Александровіч. // перан. Які строга прытрымліваецца якога‑н. вучэння, сістэмы поглядаў. — [Фама] паліцэйскі чын заслужыў і зрабіўся такі прававерны, што нікому дыхнуць не даваў. Грахоўскі.

2. Мусульманскі (у гутарцы саміх мусульман). // у знач. наз. прававе́рны, ‑ага, м.; прававе́рная, ‑ай, ж. Мусульманін, мусульманка.