Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мурлы́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лыцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Ласкавая назва ката, кошкі.

мурлы́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мурлыкаць; гукі такога дзеяння.

мурлы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і муркаць. Чулася толькі, як бразгала маці пасудай ды мурлыкаў на печы кот. Пальчэўскі.

2. перан.; што і без дап. Разм. Ціха мяккім голасам гаварыць, напяваць. Чалавек ішоў, падставіўшы твар сустрэчнаму ветру і першым промням, мурлыкаў нейкую песню і зрэдку паглядваў на гадзіннік. Нядзведскі.

муро́г, ‑рагу, м.

1. Сухадольная трава высокай кармавой якасці. [Карн] пайшоў па мяжы назад, нячутна ступаючы босымі нагамі па мяккаму мурагу сцежкі. Шамякін. Выбраўшыся на грудок, [каровы] прагна прыпадаюць да смачнага роснага мурагу. Васілевіч. // Разм. Мурожная сенажаць. Налева, куды нясла сваю ваду.. [рэчка], цягнуліся даўжэразныя панскія мурагі. Гартны.

2. Сена з такой травы. Травы перастаялі. Ужо даўно тут павінны былі звінець косы, гучаць песні, расці копы свежага духмянага мурагу. Ставер.

муро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца мурагом (у 1 знач.). Хлопчык сеў на мурожную траву і доўга не зводзіў вачэй з салдата. Гамолка.

2. На якім расце мурог (у 1 знач.). За дубамі адразу пачынаўся мурожны поплаў. Галавач.

3. Які з’яўляецца мурагом (у 2 знач.). Сена было мурожнае, яно абдавала гарачым пахам і трывожна п’яніла. Скрыган.

4. Уласцівы мурагу, які пахне мурагом. Я спяваў пра сенажаці, Пра мурожны пах мядункі. Гілевіч.

муро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мураваць; мураванне.

2. Матэрыял для муравання.

мурцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.

Разм. Посная страва з крышанага ў ваду з алеем або ў квас хлеба з цыбуляй. Папаеў мурцоўкі.

мурцы́, ‑оў; адз. няма.

Разм. Тое, што і мурцоўка. Давялося паспытаць мурцоў.

му́рын, ‑а, м.

Уст. Негр, арап.

мурэ́на, ‑ы, ж.

Марская рыба атрада вугрападобных сямейства мурэнавых.

[Лац. murena.]