прыслу́жнік, ‑а, м.
1. Той, хто прыслужвае; слуга, служыцель. — Як далажыць аб вас .. рэдактару? — звярнуўся да Лабановіча прыслужнік з рыжаватаю бародкаю, чалавек без усякай формы і нецікавы на выгляд. Колас. Усё гэта убранства пільнаваў касцельны прыслужнік без шапкі, з цёмнымі кругамі пад вачыма. Пестрак.
2. Разм. неадабр. Той, хто прыслужваецца перад кім‑н.; прыхільнік, памочнік у якой‑н. дрэннай справе. Царскія прыслужнікі. Фашысцкія прыслужнікі. □ Ёсць прыслужнікаў нямала, Што за долар прадаюцца І гатовы да паслуг. Броўка.
прыслу́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыслужніка, прыслужніцтва.
прыслу́жніцтва, ‑а, н.
Разм. неадабр. Паводзіны прыслужніка (у 2 знач.).
прыслужы́цца, ‑служуся, ‑служышся, ‑служыцца.
Зак. да прыслужвацца.
прыслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць.
Зак. да прыслужваць.
прыслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Напружыць слых, каб пачуць што‑н. Маша прыслухалася — тоненька сакоча шыба. Мележ. Люся прыслухалася. Так, нехта стукае ў дзверы!.. Брыль. // Звярнуць увагу на свае адчуванні, на свой фізічны стан. Прыслухаўся, як шчыміць ад адэкалону паголены твар, і стаў апранацца. Адамчык. — Перастала, бабка, перастала! — сказаў малады настаўнік, звярнуўшы ўвагу на сваю галаву і як бы прыслухаўшыся да яе. — Забыўся нават, што яна і балела. Колас. [Стафанковіч] .. прыслухоўваўся: баліць ці не? Прыслухаўшыся, то яно сапраўды баліць, і яшчэ як моцна. Чорны. // перан. Звярнуць увагу на свае пачуцці, перажыванні і пад. — Дык вось я вельмі раіў бы табе пабыць на фронце, ды зарабіць [георгіеўскі крыж].., а потым прыслухацца да свайго сэрца, што на ім накіпела. Лобан. У дзень зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухаўся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго [Леніна]. Звонак.
2. Аднесціся да чаго‑н. уважліва, прыняць да ведама што‑н. А які муж, што шчыра любіць жонку, не прыслухаецца да яе парад, тым больш, калі яны абгрунтаваныя, разумныя! Хадкевіч. Яму шкада Васіля, але яго, старога, хто пашкадуе? Хто прыслухаецца да яго слова? Колас.
3. Разм. Прывыкшы да якіх‑н. гукаў, шуму, размоў і пад., перастаць звяртаць на іх увагу. Прыслухацца да вулічнага шуму. □ Плявузгота [Бабініча] ўжо не рабіла вялікага ўражання: да яе прыслухаліся і прыцярпеліся. Колас.
прыслу́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прыслухацца.
прыслухо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прыслухацца.
пры́смак, ‑у, м.
1. Дадатковы, пабочны смак, які прымешваецца да смаку чаго‑н. Гарэлы прысмак. □ Сцяблінкі жуючы, яна адчула Не водар сена — водарасці пах, І далі той, што зноў іх паглынула, — Чужы, салёны прысмак на губах. Куляшоў.
2. перан. Адбітак, адценне. Прысмак сентыментальнасці.