прысло́ўе 1, ‑я, н.
Нязменная часціна мовы, якая абазначае прымету дзеяння, стану і якасці, напрыклад: хутка, лёгка, высока.
прысло́ўе 2, ‑я, н.
Прыгаворка, выраз і пад., якія ўстаўляюцца ў мову для большай эфектнасці або па прывычцы. Плач яе быў ціхі, з прыслоўямі, кабечы. Чорны. «Люба-дорага» было любімае прыслоўе старшыні. Даніленка. // Тое, што гаворыцца для суправаджэння якіх‑н. дзеянняў. Духаў закліналі пэўнымі традыцыйнымі прыслоўямі. Лойка.
прысло́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сваім складзе прыслоўе 1. Прыслоўныя злучэнні. Прыслоўны фразеалагізм.
прыслу́га, ‑і, ДМ ‑слузе, ж.
1. Служанка, хатняя работніца. [Эрне] ўсё роўна: сталасць прыйшла без мінулага, а цяперашняе — без ніякай будучыні, і ёй што — так ужо і жыць прыслугай. Ракітны.
2. зб. Слугі. У генерала было некалькі чалавек прыслугі. Карпюк.
3. зб. Работнікі, якія абслугоўваюць чыгуначны састаў, параход, самалёт і пад. На самалёце не было прыслугі і не было нават радыёстанцыі: пасажырам гарантаваўся бяспечны пералёт. Шамякін.
4. зб. Каманда, якая абслугоўвае гармату, мінамёт. Чахол са ствала зняты. Прыслуга стаяла на сваіх месцах, іменна так, як належала па статуту. Нават Макоўчык быў гатовы: прыгнуўшы галаву, трымаў у .. руках працягнуты да зараджаючага снарад. Мележ.
прыслуга́ч, ‑а, м.
Разм. пагард. Той, хто прыслужваецца перад кім‑н. Фашысцкі прыслугач грэбліва паморшчыўся і, пакінуўшы Сашу ў спакоі, папярэдзіў: — Не ўздумайце марудзіць! Шамякін. Пры з’яўленні .. [паліцаяў] гул заціхаў, людзі скоса і непрыязна пазіралі на бязлітасных гітлераўскіх прыслугачоў. Няхай.
прыслуго́ўванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыслугоўваць і прыслугоўвацца.
прыслуго́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. неадабр. Тое, што і прыслужвацца.
прыслуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і прыслужваць. — [Гэлька] крыху прыслугоўвала ў пана Панятоўскага. Чарот. Казімір Ліпніцкі аднаго разу.. прыслугоўваў у касцёле. Сташэўскі.
прыслу́жванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыслужваць — прыслужыць і прыслужвацца — прыслужыцца.
прыслу́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. неадабр. Рабіць паслугі, дагаджаць каму‑н., дамагаючыся прыхільнасці з карыслівай мэтай. Прыслужвацца перад начальствам. □ — Прывет, начальнік! (Так маўляў, і так...) Казалі мне, ёсць у цябе вакантная пасада — Прыслужвацца я не мастак, А ў працы ведаю і толк і смак! Валасевіч.
прыслу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Выконваць абавязкі слугі, служанкі. Прыслужвае маўклівая, з маршчыністым тварам кабеціна. Навуменка. — Прыслужвала за сталом твая прабабка. Бегала ад печы да поку[ці], насіла смажаныя качкі, падавала ручнікі. Асіпенка.
2. Разм. Рабіць паслугі, дагаджаць каму‑н. Прыслужваць даме. □ Мальвіна прыслужвала Ціхану ўвесь вечар, клала кампрэсы, прыносіла есці, раскурвала яму папяросу. Дуброўскі.