Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Скокнуўшы, наблізіцца да чаго‑н., скачкамі дасягнуць чаго‑н.; падскочыць. Прыскочыць з кулакамі. □ — Я і нажом магу парнуць! — схапіўшы са стала нож, прыскочыў Ціток. Лобан. // Хутка прыехаць, прыбегчы. А пасля .. прыскочыў Шпулькевіч, кінуўся ў сані і пагнаў як толькі мог каня. Чорны. Тут начальнік з раёна прыскочыў: — Чаго ж ты ляжыш, Абібоча? Крапіва.

2. Падскочыць у такт чаму‑н. То прыскочыць, то прыгнецца, То рукою павядзе, Плечы ўскіне, засмяецца. Колас.

прыскры́нак, ‑нка, м.

1. Скрыначка ў куфры на бакавой сценцы для захоўвання дробных рэчаў. З боку куфра паглядаў чыста выгабляваны прыскрынак, куды складаліся дзявочыя каралі і брошкі... Броўка. Бывала.. адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, што хаваліся ў прыскрынку, дарагія хусткі.., рознакаляровыя стужкі. Колас.

2. Абл. Бакавая скрынка ў стале. У сваім кабінеце застаў [Шэмет] Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся. Лобан.

прыслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; зак.

Прыхіліцца, прытуліцца, абаперціся. [Дзед Талаш] выбраў зацішнае месца, прысланіўся да старой яліны пад навіссю спушчаных, прысыпаных снегам галін. Колас. — А цяпер захініся ў плашч, прысланіся да мяне і паспі. Сяргейчык. Людзі ўсе чыста Былі каля школы на сходзе. .. Ён падышоў. Да сцяны Прысланіўся ён збоку. Куляшоў.

прыслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., што.

1. Прыкрыць засланкай; засланіць няпоўнасцю. Прысланіць печ. □ Мы рукой прыслонім вочы Ды зірнём угору, Дзе грыміць ён, дзе якоча Самалёт маторам. Колас.

2. Прыставіць, прытуліць, прыхіліць. [Халявіч] прысланіў да лаўкі веласіпед і патрухаў за Бялоцкім. Дуброўскі. Стамілася .. [маці] з дарогі, але не прысланіла галавы да падушкі — чакала.., пакуль вярнуўся Петрык. Марціновіч.

прысла́ны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыслаць ​1.

прысла́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыслаць ​2.

прысланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да прысланіцца.

2. Зал. да прысланяць.

прысланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прысланіць.

прысла́ць 1, прышлю, прышлеш, прышле; прышлём, прышляце; зак., каго-што.

1. Даставіць што‑н. поштай або праз каго‑н. Поштай маці мне прыслала ў інтэрнат пасылку. Лойка. [Цыпрук:] — Прышлю табе праз унука старыя граблі. Бядуля. З другім пісьмом Надзя прыслала Салаўёву фотакартку. Шахавец.

2. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. Сяльчонак абяцаў прыслаць машыну, адвезці Льва Раманавіча ў горад на аэрадром. Асіпенка. Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара. Брыль.

прысла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; зак., што.

Трохі, няпоўнасцю заслаць, прыкрыць зверху. Сяк-так давалок [мяшок збожжа]. На палаткі ўсцягнуў. Сенам прыслаў. Сачанка.

прыслепава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Падслепаваты. На гэты момант пад стол трапіў і наш прыслепаваты стары кот. Сабаленка. Вокны ў .. [хатцы] таксама былі маленькія, прыслепаватыя, і шыба ў адным з іх заткнёна анучаю. Мурашка.

прысло́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прысланіць.