прапага́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Распаўсюджванне ў масах і тлумачэнне якіх‑н. ідэй, ведаў, вучэння. Прапаганда марксісцка-ленінскай тэорыі. Антырэлігійная прапаганда. // Ідэйнае ўздзейнічанне на шырокія масы, якое носіць палітычны характар. Імперыялістычная прапаганда непазбежнасці вайны.
[Ад лац. propaganda — тое, што трэба распаўсюджваць.]
прапагандава́цца, ‑дуецца; незак.
Зал. да прапагандаваць.
прапагандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што.
Займацца прапагандай чаго‑н. Прапагандаваць ідэі камунізма. □ Важна з веданнем справы прапагандаваць і ўкараняць перадавы вопыт. «Звязда».
прапаганды́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто займаецца прапагандай чаго‑н. Баявым агітатарам, гарачым прапагандыстам рэвалюцыйных ідэй становіцца на фронце Адась Гушка. Кудраўцаў. // Асоба, якая вядзе палітычныя заняткі. Цяпер часта ў клубе ў брыгадах, на фермах прапагандысты чытаюць лекцыі. Дуброўскі.
прапаганды́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да прапагандыст.
прапаганды́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прапаганды, да прапагандыста; звязаны з прапагандай. Прапагандысцкая работа. Прапагандысцкія артыкулы.
прапа́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Падаць некаторы час (гл. падаць у 1 знач.).
прапада́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.
1. Незак. да прапасці (у 1–4 і 6 знач.).
2. Быць, знаходзіцца дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н. па-за домам. Малыя ўвесь дзень прападалі ў лесе, слухалі птушыныя спевы, збіралі ягады, грыбы. С. Александровіч. Булай прападаў на рабоце амаль увесь час, мог і заначаваць, калі што не ладзілася. Шыцік.
3. Маральна гінуць, апускацца, быць ні да чаго не прыгодным. — А цяпер .. [Хведар] прападае без сталай гаспадыні. Чорны. Так я прападаю, Не маючы долі, Як дуб усыхаю, Плачучы ў няволі. Купала.
4. перан. Разм. Сохнуць, пакутаваць па кім‑н. Дзяўчаты, маладушкі за .. [Новакам] прападалі. Гарэцкі.
•••
Дзе наша не прападала — выказванне рашучасці ісці на рызыку.
прападо́бнасць, ‑і, ж. (звычайна з займеннікам «ваша», «яго», «іх»).
Тытулаванне свяшчэнніка.
прападо́бны, ‑ая, ‑ае.
У праваслаўнай царкве — эпітэт «святых» з манахаў, які азначае: праведны, святы.
прапа́жа, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прападаць (у 1 знач.).
2. Тое, што прапала. У кожнай хаце гаварылі пра Апанасаву прапажу. Скрыпка. — Ну вось і знайшлася твая прапажа! А ты ўсё бедавала ды плакала. Пальчэўскі.