пранумаро́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да пранумароўваць.
пранумаро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пранумараваць.
пра́нцы, ‑аў; адз. няма.
Разм. Заразная венерычная хвароба; сіфіліс.
праны́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай, ж.
Разм. Пранырлівы, прабіўны чалавек. Тут быў сам фельчар Мікіта Найдус, зухаваты хлопец-праныра. Колас. Міканор адчуў, што гэты праныра ўжо сёе-тое ведае: пранюхаў, відаць, і аб размове з новым дырэктарам. Кулакоўскі.
праны́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пранырлівага.
праны́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны ўсюды паспяваць, пранікаць, прабірацца, дзякуючы спрыту, хітрасці. Гэта было такое пранырлівае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкі ўкрасці. Чарнышэвіч. Побач з .. [Ваўчком] відаць была камлюкаватая постаць Андрэя Вабейкі — пранырлівага камандзіра гаспадарчага ўзвода атрада, чалавека, пра якога партызаны гаварылі, што калі ён захоча, дык з-пад зямлі дастане. Хадкевіч. // Праніклівы, хітры (пра вочы). Пранырлівыя вочы Сімона.. кінуліся ўправа, улева. Самуйлёнак.
праны́рства, ‑а, н.
Тое, што і пранырлівасць.
праню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., пра каго-што і без дап.
Разм.
1. Нюхаючы, прынюхваючыся, выявіць прысутнасць каго‑, чаго‑н. Ваўкі, значыць, пранюхалі, што на востраве цяляты ды авечкі, .. пераплылі на востраў ды ўсіх і зарэзалі... В. Вольскі.
2. Даведацца аб чым‑н. тайным, што трымаецца ў сакрэце. Фашысты пранюхалі нешта падазронае, схапілі Кузьму і яго жонку. Новікаў. Сяміздраў недзе пранюхаў, што яго збіраюцца раскулачваць. Шчарбатаў.
праню́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пранюхаць.