Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экспазе́, нескл., н.

1. Кароткі змест якога‑н. дакумента, твора і пад.; вытрымка з іх.

2. Кароткае паведамленне прадстаўніка ўрада па якому‑н. пытанню бягучай палітыкі ў парламенце. Выступіць з экспазе.

[Фр. exposé.]

экспазіту́ра, ‑ы, ж.

Чыя‑н. агентура ў чужой краіне.

[Ад лац. expositurus.]

экспазіцы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца экспазіцыяй. Экспазіцыйная сцэна.

2. Прызначаны для экспазіцыі (у 2 знач.). Экспазіцыйная зала. Экспазіцыйны стэнд.

экспазі́цыя, ‑і, ж.

1. Уступная частка літаратурнага твора, у якой апісваюцца абставіны, што папярэднічаюць пачатку дзеі, развіццю сюжэта. Экспазіцыя рамана. // Першы раздзел музычнага твора (санаты, фугі), дзе выкладаюцца асноўныя тэмы.

2. Размяшчэнне ў пэўнай сістэме якіх‑н. прадметаў, экспанатаў для агляду. Новая экспазіцыя выстаўкі. Экспазіцыя спектакля. // Самі прадметы, часткі, размешчаныя ў пэўным парадку, у пэўнай сістэме, а таксама месца, дзе яны размешчаны. Пашырыць экспазіцыю музея. □ Домік [Э. Ажэшка] ў Гродне цудам ацалеў у час вайны, але экспазіцыю музея фашысты разрабавалі дашчэнту. «Помнікі».

3. Спец. Колькасць асвятлення, якую атрымлівае святлоадчувальны матэрыял у час фатаграфавання. // Час, на працягу якога аб’ектыў фотаапарата застаецца адкрытым. Кароткая экспазіцыя. Час экспазіцыі.

[Лац. expositio — выкладанне, наказ.]

экспанава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. экспанаваць.

экспанава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад экспанаваць.

экспанава́цца, ‑нуецца; незак.

Зал. да экспанаваць.

экспанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., каго-што.

1. Выставіць (выстаўляць) для агляду, паказаць (паказваць) на выстаўцы.

2. Спец. Падзейнічаць (дзейнічаць) святлом на святлоадчувальны фотаматэрыял (фотапласцінку, фотаплёнку, кінаплёнку).

3. У шахматнай гульні — паставіць (ставіць) фігуру пад удар.

[Ад лац. exponere — выстаўляць, паказваць.]

экспана́т, ‑а, М ‑наце, м.

Прадмет, які выстаўляецца ў музеі або на выстаўцы для агляду. Па рашэнню абкома.. [Міна Азаравіч] разам з экспанатамі музея эвакуіраваўся ў самым пачатку .. [вайны]. Шамякін.

[Ад лац. exponatus — выстаўлены напаказ.]

экспане́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Асоба ці арганізацыя, якая выстаўляе на выстаўцы свае экспанаты. У .. [кірмашы] прымуць удзел 6900 экспанентаў з больш чым 40 краін. «Звязда».

[Ад лац. exponens, exponentis — які выстаўляе напаказ.]