Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прамуштрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго.

1. Вымуштраваць.

2. Муштраваць некаторы час.

прамфінпла́н, ‑а, м.

Прамыслова-фінансавы план прадпрыемства. Радавы прамфінплан.

прамча́цца, ‑мчуся, ‑мчышся, ‑мчыцца; зак.

1. Вельмі хутка прабегчы, праехаць; пранесціся. Цяжка тупаючы ботамі, паўз нас прамчаліся паліцэйскія... Хомчанка. Аўтамашына прамчалася гэтак жа хутка, як і паказалася. Кавалёў. // перан. Пранесціся, уявіцца. Гэтыя думкі маланкай прамчаліся ў .. [Маркавай] галаве. Васілеўская.

2. перан. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). Хто можа не паверыць, што ў гарачай працы непрыкметна, без аглядкі прамчаліся гэтыя месяцы?! Грамовіч.

прамча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Тое, што і прамчацца (у 1 знач.). Праедзе грузавік, даверху нагружаны бульбай, прамчыць матацыкл. І наступае цішыня... Навуменка.

прамы́, ‑ая, ‑ое.

1. Роўна выцягнуты ў якім‑н. напрамку, без выгібаў, не крывы. Сёння сышоў адзін. І гэты пасажыр быў дэмабілізаваны сержант Сяргей Навашчокаў — малады, рослы чалавек. Адразу кідаліся ў вочы яго шырокі лоб, даўгія прамыя бровы. Чыгрынаў. А сасна, Упартая, прамая, Хоча зноў прабіцца да святла. Аўрамчык. // Які злучае напрасткі якія‑н. пункты. Апоўдні прамую дарогу на ўсход перагарадзіў высокі горны краж. Шамякін. // Гладкі, не пакручасты (пра валасы). Прамыя валасы. // Размешчаны ў цэнтры, не збоку. Была .. [Аксана] невялікага росту, ёмка складзеная, з густымі чорнымі валасамі, расчэсанымі на прамы рад. Васілевіч.

2. Які забяспечвае непасрэдную сувязь каго‑, чаго‑н. з кім‑, чым‑н. Прамая сувязь. □ У прамым вагоне Мінск — Кіеў нас чалавек дваццаць. Пянкрат.

3. Непасрэдны, без прамежкавых ступеней. Прамыя выбары. Прамыя ўказанні.

4. Шчыры, праўдзівы, прынцыповы. У сталоўцы Крэмень сустрэўся з брыгадзірам бетоншчыкаў Васілём Купчыным — ветэранам будоўлі, чалавекам сумленным і прамым. Лукша. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся .. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі. // Які выражае сумленнасць, праўдзівасць. Даўно .. [Рыгор] ведае Кацю, даўно знаёмы яму прамы, адкрыты позірк яе вялікіх, блакітна-прамяністых вачэй. Ваданосаў.

5. Яўны, адкрыты. Прамы выклік. Прамыя акты агрэсіі. □ Нічога не зробіш. Не палезеш у лоб, у прамую атаку. Гэтым нічога не выйграеш ні для сябе, ні для справы. Лынькоў. [Надзя] саромелася, мусіць, майго прамога позірку, бо апускала вочы. Мыслівец.

6. Не пераносны, літаральны (пра значэнні слоў). Пераноснае значэнне слова выдзяляецца ў мове і ўсведамляецца намі толькі ў супрацьстаўленні яго з існуючым прамым значэннем слова. Юргелевіч. Марына адразу зразумела гэта ў прамым сэнсе. Грамовіч.

7. Спец. Такі, пры якім павелічэнне (ці памяншэнне) аднаго выклікае павелічэнне (ці памяншэнне) другога. Прамая прапарцыянальнасць.

8. у знач. наз. прама́я, ‑ой, ж. Прамая лінія. Правесці прамую. / (з прыназоўнікам «па»). Пра напрамак, кірунак. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой. Дамашэвіч.

•••

Прамое пападанне гл. пападанне.

Ісці прамой дарогай гл. ісці.

прамыва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, служыць для прамывання. Прамывальны зонд. Прамывальная машына. Прамывальны прыбор.

прамыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прамываць — прамыць (у 1–3 знач.).

прамыва́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прамыцца (у 1 знач.).

2. Зал. да прамываць.

прамыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прамыць.

прамы́вачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да прамыўкі. Прамывачны цэх. Прамывачны працэс. □ [Андрэю] трэба было наведаць хлопцаў, якія жылі ў інтэрнаце, каб пагутарыць наконт чарговага прамывачнага рамонту паравоза. Васілёнак.