праме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прамёрз, ‑мерзла; зак.
1. Моцна замерзнуць ад холаду; адубець. Цэлую ноч прасядзела [Кацярына] над .. [бычком] і добра прамерзла сама. Кулакоўскі.
2. Пакрыцца лёдам; зацвярдзець ад марозу на вялікую глыбіню. Рака прамерзла да дна, лёд быў чысты, як спірт, свіціўся наскрозь. Пташнікаў.
праме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. прамёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. прамяці; зак., што.
1. Метучы, расчысціць (ад смецця, снегу і пад.). Прамесці дарожку.
2. і без дап. Месці некаторы час.
праметэ́еў, ‑ева.
У выразе: праметэеў агонь гл. агонь.
[Ад імя міфічнага героя Праметэя.]
праме́цены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прамесці.
прамёрзлы і праме́рзлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прамёрз. Змучаныя, галодныя і прамёрзлыя так, што зуб на зуб не трапляў, перад світаннем падышлі да партызанскага атрада. Сяргейчык.
2. Які зацвярдзеў ад марозу на вялікую глыбіню. На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль.
праміга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Мігаць некаторы час.
прамігну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Абл. Прамільгнуць, хутка прайсці. Ноч прамігнула, як хвіліна. Гартны.
прамізна́, ‑ы, ж.
Уласцівасць прамога (у 1 знач.). Прамізна дарогі. Прамізна тунеля.
прамільгаце́ць, ‑ціць; зак.
Тое, што і прамільгнуць (у 1 знач.).
прамільгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. З’явіцца, паказацца і хутка знікнуць. Паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Лынькоў. Паміж сасонак адна за адной прамільгнулі цёмныя цені. Шчарбатаў. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек.
2. Вельмі хутка прайсці (пра час). Тыдзень прамільгнуў нібы адзін дзень. Шыцік. Прамільгнуў матыльком светлакрылым дзень. Мурашка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца на імгненне (пра думкі, пачуцці і інш.). І тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Колас. — Шчасце чалавека ў няведанні, — несвядома прамільгнула ў Ігнася думка. Чорны. // перан. Чуць прыкметна, злёгку выявіцца. У сініх вачах жанчыны прамільгнула насцярожанасць. Савіцкі.