Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уло́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Папасці ў непрыемнае становішча, бяду.

2. Закахацца ў каго‑н. — Ого, — не сцярпеў Цімка, — ці не ўлопаўся ты ў каго? Каваль.

уло́ў, улову, м.

1. Лоўля рыбы, звера. Мая — дачка рыбака, з пяці-шасці гадоў хадзіла з бацькам у мора на ўлоў. Дуброўскі.

2. Тое, што злоўлена, вылаўлена; колькасць налоўленага; здабыча. Андрэй моўчкі паставіў вядро з уловам далей ад ракі, парваў травы і закідаў ёю акуня і соміка, каб не сушыла сонца. Ваданосаў. Спусціўся [Бамбала] з горкі.. і адразу апынуўся ў людскім натоўпе, які сабраўся ля выгружанага з баркасаў улову. Карамазаў.

уло́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад улавіць.

уло́ўліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. улоўліваць — улавіць.

уло́ўлівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да улоўліваць.

уло́ўліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да улавіць.

уло́ўнік, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне, механізм для ўлоўлівання чаго‑н. Улоўнік металічнага пылу.

уло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. (звычайна са словамі «ледзь», «ледзьве»). Малапрыкметны, слабы, невыразны. Ледзь улоўны пах лугавых траў. □ Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка. Столаначальнік адчуў ледзь улоўную іронію, сярдзіта паглядаў на пісца. Мехаў. Радасць, навеяная пісьмамі, змешвалася з усё больш улоўным пачуццём адзіноты, тым пачуццём, якога Паходня не любіў і стараўся пазбавіцца ў рабоце, у сустрэчах з людзьмі. Хадкевіч.

2. Спец. Які дае добры ўлоў. Улоўны год.

улу́каткі, прысл.

Абл. Зігзагам. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой, а неяк улукаткі, як падае ліст з дрэва пры ціхай пагодзе. Дамашэвіч. Абмінаючы лужыны, хлапчук бег улукаткі па двары. Пальчэўскі.

улупі́ць, улуплю, улупіш, улупіць; зак., чым, па кім-чым, каму.

Разм. Ударыць, агрэць. Рыбак раптам аж скалануўся ад рэальнасць свайго жадання кінуцца туды, выхапіць лейцы і ўлупіць па кані — можа б і вырваўся. Быкаў. [Чумак] пацягнуў носам паветра, чмыхнуў і з такой ярасцю ўлупіў сякерай, што буйныя, малінавага колеру трэскі .. паляцелі за будан. Савіцкі.