прыбянтэ́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Разм. Трохі, злёгку збянтэжыцца. Гушка крыху прыбянтэжыўся, убачыўшы прыстава: гэтакага начальства гэтак блізка бачыць ён не спадзяваўся, калі ішоў сюды. Чорны.
прыбярэ́жжа, ‑а, н.
Прыбярэжная паласа зямлі. І, нягледзячы на тое, што час для купання быў заранні,.. настаўнікі з вялікай прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа. Колас.
прыбярэ́жны, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца, знаходзіцца каля берага, уздоўж берага. Прыбярэжная расліннасць. Прыбярэжная вёска. □ Хвалі беглі на бераг, злізвалі прыбярэжную пену, шумавінне, усплёскамі кідаліся на жоўты пясок. Лынькоў. У прыбярэжных кустах, у парку, у зарасніках лазняку шчабятала птаства. Чарнышэвіч.
прыва́ба, ‑ы, ж.
Тое, што прываблівае, прыцягвае да сябе; прывабнасць. І на постаць ад іншых не горшая ты, і чаруеш прывабаю нейкай... Дубоўка.
прыва́біць, ‑ваблю, ‑вабіш, ‑вабіць; зак., каго-што.
1. Імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць. Прывабіць рабчыка. Прывабіць глушца. // Прыцягваючы ўвагу якой‑н. прынадай, прымусіць наблізіцца (рыб, звяроў і пад.). На ноч, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. В. Вольскі.
2. Прыцягнуць чыю‑н. увагу, погляд і пад. Пах свежых аладак, відаць, прывабіў .. [немца], бо ў той жа момант ён апынуўся каля скаварады. Якімовіч. [Шарон:] Па акно павесь які рызман, Каб не прывабіла каго святло. Танк.
3. Выклікаць да сябе сімпатыю, прыхільнасць, любоў якімі‑н. рысамі характару, знешнасцю і пад. Яша дазнаўся, што белагаловы Косця прывабіў усіх першамайскіх хлопцаў валейболам. Навуменка. Магчыма, што .. [Люба] ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Шамякін. // Выклікаць цікавасць, станоўчыя адносіны да сябе. Ля новага дома Стаяў я з дзяўчынай. Прывабіў праект У аконнай вітрыне. Арочка. Сваім патрыятызмам прывабіў Багдановіча і верш Самійленкі. Лойка.
4. Выклікаць у каго‑н. інтарэс, цікавасць, адкрыць перад кім‑н. цікавыя магчымасці; зацікавіць. Прывабіць добрай пасадай. □ Дземідзецкі, Тумаш, Лазарэвіч і астатнія па сабе ведалі, чым прывабіць крымінальнікаў. Новікаў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. Ці то хлопца прывабіў гэты спакой і яму захацелася напоўніць ім сваю душу, ці што другое, але ён хутка сабраўся.. і пайшоў да ракі. Шчарбатаў.
прыва́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прывабіць.
прыва́бліванне, ‑я, м.
Дзеянне паводле дзеясл. прывабліваць — прывабіць (у 1 знач.).
прыва́блівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прываблівага. Шчокі дзяўчыны паружавелі ад хвалявання, і гэта прыдавала ёй асаблівую прываблівасць. Колас.
прыва́блівацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прывабліваць.
прыва́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прывабіць.