Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыпе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.

1. Кароткі, звычайна чатырохрадковы, фальклорны вершаваны твор лірычнага, злабадзённага або жартоўнага зместу, які выконваецца на пэўны матыў; частушка. Вясёлыя, задорныя прыпеўкі рэхам адгукаліся ў бары. Ваданосаў. Падай хто-небудзь прыклад — і яна пайшла б каля агню ў скокі, падхапіла б самую развясёлую песню, самыя вострыя прыпеўкі. Кулакоўскі.

2. Тое, што і прыпеў (у 1 знач.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. — Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка... А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка. Колас.

пры́печак, ‑чка, м.

1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.

2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.

3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.

прыпе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыпячы.

прыпе́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, размяшчаецца каля печы. Прыпечны палок. □ [Мужчыны] тузаліся ўжо ля дзвярэй, зачапілі нагамі рагачы ў прыпечным закутку, і яны з глухім лязгатам пасыпаліся долу. Б. Стральцоў.

прыпёк 1, ‑у, м.

Прыбаўка ў вазе хлеба пасля выпечкі ў параўнанні з вагой затрачанай мукі.

•••

Збоку прыпёку гл. збоку.

прыпёк 2, ‑у, м.

Моцная спёка, гарачыня ад сонца. І бярозавы пянёк Паміж дрэў высокіх У зацішку ў прыпёк Плакаў светлым сокам. Бялевіч. // (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «на»). Месца, дзе асабліва моцна прыпякае сонца. Прыжмурыўшы вочы, сабака ляжаў на прыпёку пад сцяною хлеўчука і ляніва памахваў хвастом. Рылько. Густымі чорнымі плоймамі кружыліся і гулі на прыпёку мухі. Дуброўскі.

прыпёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыперці (у 1, 2 знач.).

прыпілава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., што.

Пілуючы, прыгнаць, прыладзіць.

прыпіло́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыпілоўваць — прыпілаваць.

прыпіло́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыпілаваць.

прыпіло́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыпілоўваць — прыпілаваць.