Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эксіка́тар, ‑а, м.

Спец. Шкляны таўстасценны прыбор для высушвання ці зберагання рэчыва ў сухім стане, што лёгка паглынае вільгаць з паветра.

[Ад лац. esiccāre — высушваць.]

эксіка́цыя, ‑і, ж.

Спец. Высушванне.

[Лац. exsiccatio.]

экскава́тар, ‑а, м.

Самаходная землярыйная машына для вымання, перамяшчэння і пагрузкі на транспарт грунту, камення і пад. Некалькі дзён запар непадалёку ад кузні ўсё кланяўся экскаватар — выкідваў балотную твань, шырыў азярцо для птушак. Даніленка. Недалёка працаваў экскаватар, рыхтуючы новыя катлаваны для закладкі фундаментаў. Гурскі.

[Англ. excavator ад лац. excavo — дзяўбу.]

экскава́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экскаватара. Экскаватарны коўш. □ [Вася:] — З нашага сяла адзін я на параходзе служу, а то ўсё больш хлопцы ў калгасе або на экскаватарнай станцыі працуюць. Краўчанка. // Які здабываецца пры дапамозе экскаватара. Экскаватарная распрацоўка. Экскаватарны спосаб здабывання руды.

экскава́таршчык, ‑а, м.

Той, хто працуе на экскаватары. І ён, Грыша, пайшоў шляхам бацькі, пасля школы паступіў на курсы і стаў экскаватаршчыкам, кваліфікаваным будаўніком. Кавалёў.

экскава́таршчыца, ‑ы, ж.

Жан. да экскаватаршчык.

экскава́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Выманне і перамяшчэнне пароды, грунту і пад. пры дапамозе экскаватара, экскаватарных машын. Экскавацыя залежаў торфу.

2. У медыцыне — паглыбленне.

экскрэме́нты, ‑аў; адз. няма.

Спец. Ператраўленая ежа (кал, мача). Нярэдка адзін з адноркаў іграе ролю «прыбіральні». У ім барсук складвае свае экскрэменты і засыпае іх пяском. «Беларусь».

[Лац. excrementum — выдзяленне.]

экскрэ́ты, ‑аў; адз. няма.

У фізіялогіі — непатрэбныя або шкодныя рэчывы, якія выдзяляюцца арганізмам.

[Лац. excretum.]

экскрэ́цыя, ‑і, ж.

У фізіялогіі — дзейнасць органаў, залоз і пад., накіраваная на вывядзенне з арганізма розных непатрэбных або шкодных рэчываў; выдзяленне.

[Лац. excretio.]