Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

улічы́ць, улічу, улічыш, улічыць; зак., каго-што.

1. Прыняць пад увагу, прыняць у разлік. Улічыць заўвагу. □ Адэля вельмі хутка ўлічыла ўсе абставіны і захацела выклікаць да сябе спачуванне. Броўка. З дому Марфа выйшла прыцемкам, не трацячы надзеі, што суд улічыць яе становішча. Сіняўскі.

2. Устанавіць наяўнасць каго‑, чаго‑н. шляхам падліку; падлічыць. Улічыць усіх спецыялістаў. Улічыць расходы.

уло́вісты, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які дае добры ўлоў. Уловістая пара года. Уловісты нерат.

уло́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад улажыць.

уло́мак, ‑мка, м. (ужываецца часцей з адмоўем «не» і ў пытальна-клічных сказах).

Слабы, кволы чалавек. [Паляшук:] — Дарма што.. [дзеду] цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Колас. [Ціток:] — Дзіва што ты заробіш сабе хлеба. Уга. Што ты, уломак які? Лобан. [Лісавета] падумала, што не можа быць, каб яна не ўправілася з гэтым уломкам. Сабаленка.

уло́мвацца, ‑аецца.

Незак. да уламацца.

уло́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уламаць.

уло́мліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уломліваць — уламаць.

уло́млівацца, ‑аецца.

Незак. да уламацца.

уло́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уламаць.

уло́нне, ‑я, н.

Тое, што і лона. Але шчыра, помняць яны [вучні] й сёння І запомняць, пэўна, у доўгім часе Тую, што ад матчынага ўлоння Павяла іх смела ў першым класе. Кірэенка. [Алесь] стаў і глядзеў на свет. Дрэвы замерлі. Блішчэла шырокае ўлонне Дняпра. Караткевіч. Мне гэтак тады захацелася ў прастор палёў, на ўлонне сакавітых траў. Сабаленка.

•••

На ўлонні прыроды — тое, што і на лоне прыроды (гл. лона). Сялянскае жыццё — жыццё на ўлонні прыроды. Навуменка.