Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць больш павольным (рух, ход і пад.). Цягнік сцішыў ход. Неўзабаве спыніўся. Адамчык. Сцішыў [чалавек] крок, назад, глядзіць. Не, нікога ў полі. Прыходзька. // Затрымаць, прыцішыць каго‑, што‑н. Сава сцішыў каня на мерную рысь. Пестрак. Амелька сцішыў свой матацыкл. Якімовіч.

2. Супакоіць, рассеяць хваляванне і пад. [Костусь] сцішыў Галену. Яна пакінула плакаць. Чорны. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад. Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Мележ. // Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. [Зэня да Нахлябіча:] — Калі вы не пакінеце ўсяго гэтага, дык ведаеце што? Тады вас трэба будзе сцішыць. Чорны.

3. Паменшыць у сіле, аслабіць; зрабіць менш адчувальным. Сцішыць боль. □ Гэта толькі ў хаце здавалася, што мяцеліца сцішыла сваю гульню. Кандрусевіч. Хлопцы сцішылі гаворку. Гартны. // Аслабіць або прыглушыць якія‑н. пачуцці. Сцішыць гнеў. □ Апошняя акалічнасць нечакана сцішыла смутак Арцёма Іванавіча. Мележ.

сцішэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які сцішэў, прыціх. Імклівых маланак сцішэлы рой Нясуць тыя [кавальскія] рукі з сабой. Сіпакоў.

сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.

2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).

сцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Разм. Адмовіцца ад чаго‑н., не прызнаць сваім; адрачыся ад чаго‑н. [Сусед:] — Ён [Наўмыснік] кажа, мала што, кажа, кравец нікому не казаў, што хаты сцураўся! Чорны. Песні гэтыя Продкі складалі калісьці, Бераглі, Не сцураліся, Не адракліся. Гілевіч. Усе .. сімпатыі [паэта] на баку трэцяга сына — «чараўніка», бо той не сцураўся свайго краю. Ярош. // Адмовіцца ад знаёмства, сувязі і пад. з кім‑н. блізкім, аб’явіць каго‑н. блізкага чужым. [Грубы мужчынскі голас:] — А ты [Таццяна Мікалаеўна] от выпішы сюды свайго мужыка — нябось, хутчэй ён жонкі сцураецца. Вітка. [Ціток:] — То Марыля ж можа цябе не сцуралася? Ты пробаваў з ёю гаварыць? Лобан.

сцы́ла, ‑ы, ж.

У выразе: між Сцылай і Харыбдай — (быць, знаходзіцца, аказацца і пад.) у такім становішчы, калі небяспека ці непрыемнасць пагражае з двух бакоў (ад назвы міфалагічных пачвар, што жылі па абодвух баках вузкага марскога праліва).

сцыфо́ідныя, ‑ых.

Клас марскіх жывёл тыпу кішачнаполасцевых.

сцьмець, ‑ее; зак.

Зрабіцца цьмяным, змрочным. Калі захад сцьмеў і запаліліся электрычныя ліхтары, ля знясіленага ад чакання Юркі паявіўся Сева. Карпаў. // перан. Стаць менш яркім. Бляск яе вачэй сцьмеў. Вітка. Вобраз тае Данусі, дзеля якой яшчэ нядаўна я быў гатовы на ўсё, раптам сцьмеў. Карпюк.

сцэ́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сцадзіць.

сцэ́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцэджваць — сцадзіць.

сцэ́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да сцэджваць.