Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сапрафа́г, ‑а, м.

Спец. Жывёла, якая корміцца трупамі іншых жывёл.

[Ад грэч. sapros — гнілы і phagas — ядок.]

сапрафі́тны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да сапрафітаў. Сапрафітныя бактэрыі.

сапрафі́ты, ‑аў; адз. сапрафіт, ‑у, М ‑фіце, м.

Спец. Раслінныя арганізмы, якія кормяцца арганічнымі рэчывамі адмёршых арганізмаў або выдзяленнямі жывых.

[Ад грэч. sapros — гнілы і phyton — расліна.]

сапрэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які сапсаваўся ад вільгаці і цяпла; згнілы, папрэлы; сатлелы. Дыхнула вільгаццю і пахам сапрэлага лісця. Скрыган. Каля станцыі ляжалі штабялі старых сапрэлых шпал. Грахоўскі.

2. Змакрэлы ад поту. Каля царквы, каля халоднай бочкі з хлебным квасам, калыхалася сапрэлая чарга. Адамчык.

сапрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад вільгаці і цяпла; згнісці, сатлець. [Дзядзька:] — Вы бачылі, мужчыны, жыта якое наша. Усё сапрэла. Сергіевіч. Дзед кажа, што гэта ўжо бярвенне ўсярэдзіне сапрэла на парахню. Сабаленка.

2. Змакрэць ад поту. [Патржанецкі:] — У мяне сапрэлі ногі. Я не разуваўся трое сутак. Чарнышэвіч.

сапсава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць сапсаванага (у 5 знач.).

сапсава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сапсаваць.

2. у знач. прым. Які зрабіўся, стаў непрыгодным для ўжывання, карыстання; няспраўны. [Міхалковіч:] На дарозе правілі сапсаваны трактар. Чорны. // Які стаў нясвежым (аб прадуктах).

3. у знач. прым. Які стаў хваравітым. Сапсаваныя нервы.

4. у знач. прым. Які змяніўся на горшае, стаў дрэнным. [Фінцю Паўлаўну] не пакідаў сапсаваны настрой. Грамовіч.

5. у знач. прым. З дрэннымі схільнасцямі, распушчаны. — Няўдзячныя, сапсаваныя дзеці! — сказала Наталка, ідучы да Веры. Мікуліч.

сапсава́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.

1. Зрабіцца няспраўным, непрыгодным для карыстання, ужывання. Не даязджаючы кіламетраў пяць да Мохаўкі, машына сапсавалася. Шахавец. Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца. Бядуля.

2. Стаць хваравітым ад чаго‑н. [Міхалючок:] Ад смятаны і сала разам дык жывот сапсуецца. Чорны.

3. Змяніцца на горшае, пагоршаць, зрабіцца дрэнным. Надвор’е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер. Бяганская. За апошні час адносіны Пісанца з рэдактарам сапсаваліся. Грамовіч. [Барташэвіч] нічога не адказаў: мой настрой цалкам сапсаваўся. Карпюк. // Зрабіцца менш прыгожым, непрывабным. Твар дзяўчыны нешта сапсаваўся.

4. Набыць дрэнныя звычкі, схільнасці; распусціцца. І мне здаецца, Ніколі добры чалавек Не сапсуецца, А дрэнь Заўсёды дрэнню застаецца. Корбан. [Іван Мацвеевіч:] Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Бядуля.

5. Стаць нясвежым (аб прадуктах). [Віктар:] — Калі будзеш доўга чакаць, то мяса і сапсавацца можа. Маўр.

сапсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак.

1. што. Зрабіць няспраўным, непрыгодным для ўжывання, карыстання; пашкодзіць. [Дэлегат:] — І каб жа гаспадары, а то сапсуюць зямлю. Зямля любіць, каб і з яе браць і каб ёй даваць. Галавач. Колькі гэты ксёндз сапсаваў паперы, пакуль адна з камедый была прынята да пастаноўкі! Бядуля. // Зрабіць нясвежым (аб прадуктах). Сапсаваць мяса.

2. каго-што. Прывесці ў хваравіты стан. [Доктар:] Вам [Наталі] здароўе сапсавалі няўмекі. Вы не сцерагліся. Чорны. Калупае сахаром той гной Зося, асцерагаецца, праўда, — не доўга сябе сапсаваць. Крапіва.

3. што. Змяніць на горшае, пагоршыць; зрабіць дрэнным. Сапсаваць адносіны. □ Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала.. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. І ні слова больш не сказаў Рыгорка; так можна ўсю справу сапсаваць. Якімовіч. // Сарваць, парушыць. Добра было б цяпер напасці на [вайсковы абоз]. Але нельга: самавольным учынкам можна сапсаваць увесь план. Маўр. [Верабей:] — Ну, чакайце ж! Ваша свята я таксама сапсую! Гілевіч.

4. каго-што. Зрабіць дрэнны ўплыў. [Давідовічыха:] Ой, не, зусім не сапсавалі твае душы, дзевухна! Лупсякоў. Едучы дадому, Варановіч думаў, што рабіць з Шалютам, якога былая слава сапсавала дашчэнту. Дуброўскі.

5. каго-што. Пазбавіць прыгажосці. Сапсаваць прычоску.

•••

Сапсаваць кроў каму — прычыніць каму‑н. шмат клопату, нарабіць непрыемнасцей.

Сапсаваць (усю) абедню (музыку) каму — сарваць, парушыць каму‑н. якія‑н. планы, справы і пад.

сапса́н, ‑а, м.

Драпежная птушка сямейства сакаліных, сапраўдны сокал. У Венгрыі правялі вопыты па выкарыстанню сокалаў-сапсанаў як вартаўніком. Матрунёнак.